Урад забараніў швэдзкаму холдынгу прадаваць яго беларускія актывы

Ілюстрацыйнае фота

Урад дапоўніў сьпіс замежных інвэстараў, якім забараняецца адчужэньне прыналежных ім акцыяў (доляў у статутных фондах) беларускіх арганізацый.

Пра гэта паведамляе ўрадавы Тэлеграм-канал.

У сьпіс унесеныя ТАА «Нерухомасьць Усход» і акцыянэрнае таварыства Synevo.

Швэдзкі холдынг Medicover меў намер пазбавіцца ад доляў у беларускіх кампаніях «Нерухомасьць Усход» і Synevo.

Свае беларускія актывы Medicover ацэньвае ў €14,5 млн.

Паводле зьвестак «Нашай нівы», сетку Synevo у Беларусі мела намер выкупіць расейская сетка Helix.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Швэдзкі ўласьнік найбуйнейшай дыягнастычнай сеткі Synevo сыходзіць зь Беларусі

Рашэньне ўраду забараніць замежным інвэстарам адчужэньне акцыяў і доляў у статутных фондах «Нерухомасьці Ўсход» і Synevo выключае магчымасьць іх продажу каму б там ні было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прыгразіў замежным кампаніям нацыяналізацыяй, калі яны паспрабуюць сысьці зь беларускага рынку

Раней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што калі заходнія інвэстары паспрабуюць пазбавіцца ад сваіх беларускіх актываў, іх маёмасьць у Беларусі будзе нацыяналізаваная.