Маск заявіў пра «амністыю» для раней заблякаваных карыстальнікаў Twitter

Ілан Маск

Новы ўладальнік Twitter Ілан Маск зрабіў апытаньне, у якім узялі ўдзел больш за 31,6 млн карыстальнікаў. Звыш 72% удзельнікаў апытаньня падтрымалі аднаўленьне заблякаваных акаўнтаў.

Ілан Маск 25 лістапада заявіў, што на наступным тыдні ў Twitter адбудзецца «ўсеагульная амністыя» заблякаваных раней акаўнтаў.

Новы ўладальнік Twitter прыняў гэтае рашэньне, кіруючыся вынікамі апытаньня, якое правёў у сваім асабістым акаўнце.

72,4% удзельнікаў апытаньня з больш як 31,6 млн карыстастальнікаў прагаласавалі за вяртаньне тых, хто раней быў заблякаваны мадэратарамі сацыяльнай сеткі, у выпадку калі гэтыя карыстальнікі не парушалі законаў і не рассылалі спам.

«Людзі выказаліся, — напісаў у чацьвер Маск. — Амністыя пачынаецца на наступным тыдні».

На мінулым тыдні Маск, найбагацейшы чалавек у сьвеце, аднавіў некаторыя раней заблякаваныя акаўнты, у тым ліку ўліковыя запісы былога прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, сатырычнага вэбсайту Babylon Bee і коміка Кэці Грыфін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Twitter разблякаваў старонку Дональда Трампа

У кастрычніку Маск напісаў у Твітары, што ў кампаніі будзе створана рада для мадэрацыі кантэнту, у якой будуць прысутнічаць людзі «з самымі рознымі пунктамі гледжаньня». Маск сказаў, што да скліканьня рады ніякіх важных рашэньняў аб кантэнце або ўзнаўленьні акаўнтаў прынята не будзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ілан Маск афіцыйна ўзначаліў Twitter, купіўшы кампанію за $44 млрд

За першыя некалькі тыдняў знаходжаньня мільярдэра ў якасьці ўладальніка кампаніі Twitter Маск звольніў шмат топ-мэнэджараў, у тым ліку былога генэральнага дырэктара Парага Агарвала. У адстаўку таксама пайшлі высокапастаўленыя супрацоўнікі кампаніі, якія адказвалі за бясьпеку і канфідэнцыйнасьць інфармацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Twitter пачынаецца хваля звальненьняў. Супрацоўнікаў папрасілі не прыходзіць у офісы 4 лістапада