«Я ў бронекамізэльцы і касцы, мясцовыя такога ня маюць». Як беларускі журналіст працуе на вайне ва Ўкраіне

Алесь Мінаў

Літаратар і журналіст Алесь Мінаў атрымаў у Беларусі тры гады «хіміі». У сьнежні 2021 году ён выехаў ва Ўкраіну, дзе застаўся і пасьля пачатку вайны, а цяпер працуе як журналіст на вызваленых з-пад расейскай акупацыі тэрыторыях.

«Вярнуўся ў Кіеў, бо люблю вялікія лякацыі»

Пачатак вайны Алесь Мінаў сустрэў у Івана-Франкоўску. Сюды ён пераехаў з Кіева яшчэ да буйнамаштабнай агрэсіі Расеі. Кажа, што ў Кіеве перад вайной былі высокія цэны на арэнду кватэры. На захадзе Ўкраіны было таньней.

«Ды і хацеў паглядзець захад Украіны. Ён мне цікавы ў пляне нацыянальнай сьвядомасьці, культуры, мовы, бо яна тут адрозьніваецца ад „цэнтру“. Але за восем месяцаў я шмат дзе быў, шмат чаго бачыў і засумаваў. Бо сам я зь Менску і люблю вялікія лякацыі. Таму пераехаў у Кіеў», — кажа беларус.

У Кіеве жытло патаньнела. Дабрацца адсюль прасьцей да розных гарадоў, чым з Івана-Франкоўску. Каб легалізавацца, з дапамогай украінскіх праваабаронцаў ён падаўся на статус уцекача. Для працы журналістам атрымаў акрэдытацыю ад Узброеных сіл Украіны. На гэта спатрэбіўся час (каля трох месяцаў). Цяпер Алесь можа афіцыйна працаваць з ваеннай тэмай.

«Мне цікава непасрэдна размаўляць зь людзьмі, дазнавацца, як яны ўсё гэта перажываюць. Тыя ж адключэньні электраэнэргіі ў Кіеве. Я быў у вызваленых Балаклеі, Ізюме, нядаўна быў у Херсоне. Мне важна фіксаваць гэта ўсё, бачыць на ўласныя вочы», — кажа журналіст.

Алесь Мінаў у Харкаве

«Я хаця б у бронекамізэльцы і касцы, у больш бясьпечнай пазыцыі, чым мясцовыя жыхары»

Алесь кажа, што да яго не ўзьнікала пытаньняў ад таго, што ён беларус.

«Нэгатыву нейкага я ня бачыў. Толькі праверкі могуць быць больш пільнымі і доўгімі. Калі я вяртаўся з Херсону, то на чыгуначным вакзале была працэдура фільтрацыі на выезд. Бо многія расейскія вайскоўцы не пасьпелі ўцячы, пераапрануліся ў цывільнае і цяпер спрабуюць выбрацца з гораду. Некаторых людзей правяралі па дзьве гадзіны. Я таксама маральна рыхтаваўся да доўгай праверкі. Але яна цягнулася пяць хвілін для мяне», — кажа журналіст.

Мінаў расказвае, што ў Херсоне наведваў звычайны спальны раён і трапіў там у самы эпіцэнтар абстрэлаў.

«Я быў у такім банальным спальным раёне, дзе няма аніякіх вайсковых аб’ектаў. Але туды „прыляцела“ — па шматпавярховых дамах, па прыватным сэктары. Было страшна. Бо ня ведаеш, куды пацэліць. Але, з другога боку, там застаюцца і жывуць каля сотні тысяч людзей, дзеці. У мяне ж бронекамізэлька і каска. То бок я ў больш бясьпечнай пазыцыі, чым мясцовыя», — кажа Алесь.

Па словах беларуса, у яго склалася ўражаньне, што Херсон расейцы цяпер проста раўняюць зь зямлёй, абстрэльваючы зь левага берага Дняпра. Алесь таксама кажа, што выслухаў шмат гісторый пра акупацыю Херсону ад мясцовых. І гэтыя гісторыі нагадалі яму Беларусь.

«Людзі апавядалі, як яны хавалі сьцягі, як жылі з пачуцьцём страху, як расейцы хадзілі па кватэрах, як яны выхадзілі на мітынгі (у падтрымку Украіны — РС). Нашы гісторыі пераклікаюцца. Толькі ў іх ёсьць гісторыя вызваленьня, у нас жа пакуль не», — кажа журналіст.

Разбурэньні ад расейскіх абстрэлаў

«Людзі жывуць без вады і сьвятла, але яны шчасьлівыя»

Алесь расказвае, што быў у вызваленых Балаклеі і Ізюме.

«Людзі жывуць у жудасных умовах. Без сьвятла, вады. Але яны шчыра радуюцца і шчасьлівыя, што больш няма акупантаў. Яны так і кажуць, што хай без вады, без цяпла, абы толькі расейцаў не было тут. Хоць ім даводзіцца цяпер літаральна выжываць», — кажа журналіст.

Мінаў таксама пасьля пачатку вайны пабываў у Харкаве. Расказвае, што быў уражаны маштабам разбурэньняў у горадзе.

«Калі бачыш гэта на ўласныя вочы, то гэта ўражвае нашмат больш, чым калі чытаеш навіны ці глядзіш сюжэты. Калі я ехаў у Харкаў, то думаў, што паеду ў пэўныя раёны, каб убачыць разбурэньні. Але аказалася, што амаль увесь горад пашкоджаны. Харкаў падобны да Менску — шырокія вуліцы, праспэкты, падобная архітэктура. З аднаго боку. З другога — усё зруйнавана. Гэта невыносныя пачуцьці», — кажа Алесь.

Галоўная плошча Харкава

Рэгіёны на ўсходзе Ўкраіны да пачатку вайны былі збольшага расейскамоўныя. Па словах беларуса, цяпер нават на Харкаўшчыне людзі стараюцца адказваць на ўкраінскай мове і размаўляць на ёй. Найчасьцей мясцовыя расказваюць пра забойствы і катаваньні, якімі расейцы займаліся падчас акупацыі.

«Сапраўды вельмі цяжка вызначыць нешта адно, бо ўсе гісторыі зьмешваюцца ў адзін вялікі камяк болю і жаху. Гэта вялікія пакуты людзей, вялікі жах, які вісіць над табой», — кажа Алесь.

Алесь Мінаў

У вызваленым украінцамі Херсоне

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 15 чалавек загінулі ад абстрэлаў у Херсоне за пяць дзён
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі расейцы ўбачылі мой бел-чырвона-белы сьцяг, то моцна раззлаваліся». Беларус расказвае, як партызаніў пад акупацыяй у Херсоне