На саміт АБСЭ замест Макея паедзе пасол Беларусі ў Аўстрыі Дапкюнас

Андрэй Дапкюнас

Афіцыйны Менск на саміце АБСЭ ў Лодзі будзе прадстаўляць Андрэй Дапкюнас, пасол Беларусі ў Аўстрыі, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры АБСЭ.

Паседжаньне Савета міністраў замежных спраў АБСЭ адбудзецца ў польскім горадзе Лодзь 1–2 сьнежня.

Прэс-сакратар польскага МЗС Лукаш Ясіна паведаміў «Белсат», што афіцыйны Менск замест кіраўніка МЗС Беларусі Уладзімера Макея, які памёр 26 лістапда, будзе прадстаўляць Андрэй Дапкюнас.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр міністар замежных справаў РБ Уладзімер Макей

Андрэй Дапкюнас займаў пасаду намесьніка міністра замежных спраў Беларусі з 2017 па 2020 год. У ліпені 2020 года ён быў прызначаны паслом Беларусі ў Аўстрыі і Славеніі, а таксама пастаянным прадстаўніком Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене і пры Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто прыйдзе на месца Макея?

Раней міністар замежных справаў Польшчы Зьбігнеў Раў і генэральны сакратар АБСЭ Хэльга Шмід пацьвердзілі, што удзельнічаць у паседжаньні Рады міністраў замежных спраў АБСЭ на наступным павінен быў Уладзімер Макей. Аднак Макей раптоўна памёр у суботу, 26 сьнежня, на 65-м годзе жыцьця. Афіцыйна пра абставіны і прычыны сьмерці не паведамляецца. За дзень да гэтага ён праводзіў у сядзібе МЗС рабочыя сустрэчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьмерць Макея, або Чаму ня варта і на хвіліну станавіцца на бок Зла
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьнік Ціханоўскай: Я ведаў Макея асабіста і маю станоўчы досьвед супрацоўніцтва