Financial Times: Эўропа стала менш купляць у Расеі трубаправоднага газу, але затое звадкаванага купіла на 42% больш

Танкер, ілюстрацыйнае фота

Імпарт у Эўропу расейскага звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) ад пачатку году вырас на 42% у параўнаньні з такім самым пэрыядам мінулага году. Яго доля ў эўрапейскім марскім імпарце склала 16%.

Аб гэтым піша Financial Times са спасылкай на ўласныя разьлікі.

Увогуле Расея экспартавала ў Эўропу амаль 18 мільярдаў кубамэтраў ЗПГ, стаўшы другім у аб'ёме пастаўшчыком у рэгіёне пасьля ЗША. Амаль усё гэтае паліва закупілі Францыя, Бэльгія, Гішпанія і Нідэрлянды.
І хоць гэта невялікая частка ад 62 мільярдаў кубамэтраў газу, пастаўленага за гэты час праз трубаправоды, сытуацыя «пакідае Эўропу неабароненай» ад ператварэньня ў «зброю» Крамля, папярэджвае FT.

Расея можа спыніць пастаўляць ЗПГ у Эўропу, прымусіўшы эўрапейскія краіны купляць яго на яшчэ больш дарагім спотавым рынку, або перанакіраваць танкеры з газам у бяднейшыя краіны, такія як Банглядэш і Пакістан, каб «дасягнуць палітычнай выгады» і «аказаць ціск на эўрапейцаў», папярэджвае дасьледчык энэргетычнай палітыкі з Калюмбійскага ўнівэрсытэту Ан-Сафі Корба.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Эўропа адбіла «газавую атаку»? Тлумачэньне эканаміста

Эўропа стала нарошчваць абʼёмы закупак ЗПГ пры адначасовым рэзкім падзеньні паставак трубаправоднага расейскага газу. У 2021 годзе «Газпрам» экспартаваў у Эўразьвяз і Туэччыну 155 мільярдаў кубамэтраў, а сёлета, паводле ацэнак Міжнароднага энэргетычнага агенцтва, імпарт з Расеі зьнізіцца да 60 мільярдаў кубамэтраў. У той жа час ад пачатку году Эўропа імпартавала рэкордныя 111 мільярдаў кубамэтраў звадкаванага газу, што амаль на 70 адсоткаў больш, чым летась.

Сёлета ЭЗ змог запоўніць падземныя сховішчы газу больш чым на 95 %. Аднак вясной наступнага году запасы сфармаваць будзе больш складана, і Эўразьвяз сутыкнецца з большымі цяжкасьцямі, чым гэтай зімой, сказала дырэктар па энэргетыцы Эўракамісіі Дытэ Юль Ёргенсэн у інтэрвію The Washington Post. Паводле Ёргенсэн, попыт на сусьветных газавых рынках вышэйшы за прапанову і таму Эўропу чакаюць праблемы з папаўненьнем запасаў энэрганосьбітаў у будучым сакавіку і красавіку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: Крэмль забароніць продаж нафты краінам, якія ўвялі «столь цэнаў»
  • У адказ на расейскую агрэсію супраць Украіны Эўразьвяз прыняў ужо восем пакетаў санкцый у дачыненьні да Расеі. Ніводзін зь іх не ўключае эмбарга на расейскі газ. Пры гэтым Расея спыніла пастаўкі па трубаправодах у шэраг краін ЭЗ, а некаторыя краіны самі адмовіліся ад расейскага газу.
  • Краіны Эўразьвязу абвінавачваюць Расею ў выкарыстаньні газу ў якасьці інструмэнту палітычнага ціску. Масква гэтыя абвінавачаньні абвяргае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як праваліўся расейскі газавы шантаж Эўропы і што гэта азначае для Беларусі