У Менску судзяць журналіста Мажэйку, які напісаў пра сьмерць Зельцара. Ён віны не прызнаў

Генадзь Мажэйка

Генадзя Мажэйку затрымалі летась у кастрычніку ў маскоўскім аэрапорце, неўзабаве пасьля выхаду ягонага артыкула пра перастрэлку ў кватэры ІТ-спэцыяліста Андрэя Зельцара.

Справу журналіста «Комсомольской правды в Беларуси» Генадзя Мажэйкі разглядаюць ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс вядзе судзьдзя Тацьцяна Фалькоўская, якая нядаўна прысудзіла 8 гадоў калёніі экс-журналістцы БТ Ксеніі Луцкіной.

Палітзьняволенага абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 368 (абраза прэзыдэнта), ч. 1 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці). На судзе ён віны не прызнаў, піша @mediazona_by.

Як піша «Спутник», у абвінавачваньні, якое зачытаў пракурор, сьцьвярджаецца, што «Мажэйка, праяўляючы амаральную зацікаўленасьць у экстрэмісцкай дзейнасьці, яе прыхільнікам і дзейнічаючы па матывах палітычнай і ідэалягічнай варожасьці, у пэрыяд з 23 чэрвеня 2020 года па кастрычнік 2021 года зьдзейсьніў шэраг злачынстваў».

Ён нібыта пісаў у інтэрнэце «нэгатыўныя, непрыстойныя і недапушчальныя» выказваньні на адрас Лукашэнкі, а на сустрэчы з дэпутатам Варанецкім, «парушаючы агульначалавечую мараль», праводзіў агітацыю супраць дзейнай улады.

Мажэйка нібыта сказаў тады, што з аўтаматам бегаць можа толькі вар’ят.

Журналіст віну не прызнаў і заявіў, што на той сустрэчы пра Лукашэнку выказваўся не ён. У адрас улады ніякіх абразьлівых выразаў ён не дапускаў і прыхільнікам апазыцыі не зьяўляецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абставіны затрыманьня журналіста «КП» Мажэйкі сталі вядомыя толькі праз 8 месяцаў пасьля арышту

Першапачаткова Міністэрства ўнутраных спраў заяўляла, што Мажэйку затрымалі ў Менску. Па іх вэрсіі, журналіст хацеў з Расеі вылецець у трэцюю краіну, але пры спробе зрабіць гэта даведаўся, што быў прызнаны непажаданым на тэрыторыі Расеі. Таму нікуды вылецець ён ня здолеў і, як сьцьвярджалася, вярнуўся ў Беларусь, дзе яго затрымалі.

Галоўны рэдактар «КП» Уладзімір Сунгоркін адзначаў, што Мажэйку правялі ў самалёт на рэйс у Менск, там яго сустрэлі супрацоўнікі КДБ Беларусі і затрымалі.

Сам Генадзь расказваў сукамернікам, што ён паехаў у Маскву і хацеў адтуль вылецець у іншую краіну, але яго затрымалі адразу ў аэрапорце супрацоўнікі ФСБ, пасьля чаго завезьлі на беларускую мяжу і перадалі КДБ Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё гэта рана ці позна скончыцца». Калегі арыштаванага журналіста Генадзя Мажэйкі пачалі атрымліваць ад яго лісты

Да гэтага моманту невядома, за што менавіта затрымалі Мажэйку. Найбольш верагодна, што арышт журналіста зьвязаны з публікацыяй на сайце kp.by кароткай размовы з былой аднаклясьніцай Андрэя Зельцара, які загінуў у перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ, што штурмавалі яго кватэру. У апублікаваным на kp.by артыкуле аднаклясьніца станоўча характарызавала Зельцара. Сайт выданьня неўзабаве заблякавалі ў Беларусі, праз пэўны час перастала выходзіць і папяровая вэрсія беларускага выданьня «КП».

Доўгі час Мажэйка знаходзіўся ў жодзінскай турме. Пазьней яго перавялі на «Валадарку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лаўроў: Расея ставіць перад беларускімі калегамі пытаньне пра журналіста Мажэйку