Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу правёў перамовы зь міністрам абароны Беларусі Віктарам Хрэніным, паведамляе БЕЛТА. Тэма перамоваў – «актуальныя пытаньні двухбаковага вайсковага супрацоўніцтва».
У выніку міністры падпісалі Пратакол паміж РБ і РФ аб унясеньні зьменаў у Пагадненьне паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Фэдэрацыяй аб сумесным забесьпячэньні рэгіянальнай бясьпекі ў ваеннай сфэры ад 19 сьнежня 1997 году. Дэталі не агучваюцца.
Паведамляючы ў Твітары пра гэтыя зьмены, начальнік Дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Беларусі Валеры Равенка, акрамя сьцягоў Беларусі і Расеі, дадаў сьцяг Бэльгіі. Прычым двойчы.
Шайгу нагадаў, што цяпер, у адпаведнасьці з рашэньнем кіраўнікоў дзьвюх краін, на тэрыторыі Беларусі праводзяцца «мерапрыемствы баявога зладжваньня расейскіх і беларускіх злучэньняў і вайсковых частак, прызначаных у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў».
Заплянаваная і сустрэча Шайгу з Аляксандрам Лукашэнкам.
МА РБ і МА РФ падпісалі Пратакол у Пагадненне паміж🇧🇾#BEL 🇷🇺 #RUS аб сумесным забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі ў ваеннай сферы ад 19 снежня 1997 г.
— Валерий Ревенко (@Revenka_Valery) December 3, 2022
- Масква з 24 лютага выкарыстоўвае Беларусь у якасьці пляцдарму для свайго ўварваньня ва Ўкраіну. Беларусь заявіла, што ня будзе ўступаць у вайну ва Ўкраіне, але Аляксандар Лукашэнка раней аддаў загад аб разьмяшчэньні войскаў каля ўкраінскай мяжы, спасылаючыся нібыта на пагрозы Беларусі з боку Кіева і Захаду.