Цэнтар беларускай салідарнасьці: у Польшчы плянуюць пашырыць падставы для атрыманьня гуманітарных візаў

Сьцягі Польшчы і Эўразьвязу. Ілюстрацыйнае фота

Польшча можа зьмяніць падставы, на якіх беларусы змогуць аформіць візы ў краіну, паведамляе асацыяцыя ініцыятываў дапамогі суайчыньнікам «Цэнтар беларускай салідарнасьці» (ЦБС).

Паводле інфармацыі Цэнтру беларускай салідарнасьці, 1 сьнежня зьявіўся праект пастановы МЗС Польшчы з папраўкамі ў палажэньне аб выдачы нацыянальных візаў іншаземцам, якія знаходзяцца на тэрыторыі краіны. Дакумэнт на стадыі ўзгадненьня.

Згодна з праектам, «прыём заяваў на атрыманьне гуманітарнай візы і візы для кіроўцаў-міжнароднікаў на тэрыторыі Рэспублікі Польшча будзе працягнуты да 31 сакавіка 2023 году».

«Грамадзяне Рэспублікі Беларусь і Ўкраіны, якія ўехалі на тэрыторыю Рэспублікі Польшча на падставе візы Poland Business Harbour, змогуць хадайнічаць аб выдачы гуманітарнай візы на тэрыторыі Польшчы, — адзначылі ў ЦБС. — Адмяняецца таксама патрабаваньне, згодна зь якім заявы могуць падаваць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія праз пагрозу рэпрэсій ці перасьледу або зь меркаваньняў бясьпекі ня могуць вярнуцца ў краіну свайго грамадзянства».

Паводле інфармацыі цэнтру, зьвярнуцца да міністра па гуманітарную візу, будучы на тэрыторыі краіны, могуць грамадзяне Беларусі, якія на дзень падачы заявы ўжо былі ў краіне на падставе візы аналягічнага тыпу; прыбылі ў Польшчу пасьля 24 лютага з Украіны праз вайну; легальна знаходзіліся ва Ўкраіне да 24 лютага; заехалі ў Польшчу па нацыянальнай візе з пазнакай Poland Business Harbour.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога маладафронтаўца будуць судзіць у Польшчы за цкаваньне і зьнявагу ўкраінцаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тутэйшыя» ХХІ стагодзьдзя. Чаму беларушчына становіцца непрывабнай за мяжой