Суд у Гаазе прысудзіў экс-камандзіру арміі Косава 26 гадоў турмы за катаваньні

Саліх Мустафа

Спэцыяльны суд па часткова прызнаным Косаве прысудзіў былому камандуючаму Вызваленчай арміі Косава Саліху Мустафу 26 гадоў турмы. Яго прызналі вінаватым у ваенных злачынствах. Гэта першы прысуд Гааскага трыбуналу па злачынствах у Косаве, паведамляе Балканская служба Радыё Свабода.

Судзьдзі прыйшлі да высновы, што Мустафа датычны да катаваньняў, незаконных затрыманьняў і забойстваў. Па дадзеных сьледзтва, Мустафа ўзначальваў партызанскую групу, якая ўтрымлівала як мінімум шэсьць косаўскіх альбанцаў. Іх абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з сэрбамі.

Зьняволеных білі бэйсбольнымі бітамі, токам і катавалі агнём, ім не давалі вады і ежы. Суд лічыць, што Мустафа асабіста браў удзел у катаваньнях як мінімум двух зьняволеных увесну 1999 году.

Мустафу арыштавалі ў 2020 годзе. Тады ён займаў пасаду дарадцы Міністэрства абароны Косава. Сваю віну асуджаны не прызнаў. Афіцыйна спэцыяльны суд па Косаве пачаў працу ў 2017 годзе.

Спэцыяльны суд расьсьледуе меркаваныя злачынствы, учыненыя чальцамі Вызваленчай арміі Косава супраць этнічных меншасьцяў і палітычных супернікаў у пэрыяд са студзеня 1998-га па сьнежань 2000 году.

Суд знаходзіцца ў Гаазе, але дзейнічае ў адпаведнасьці з законамі Косава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грузінскія дэпутаты абвясьцілі галадоўку ў будынку парлямэнту