«Прыдатны для набажэнстваў». Сьвятары наведалі Чырвоны касьцёл, закрыты ўладамі пасьля пажару. ФОТА

Пашкоджаньні ад пажару ў менскім Чырвоным касьцёле

На думку відавочцаў, якія трапілі ў сьвятыню, патрэбен рамонт толькі самой сакрыстыі. Парафія гатова зрабіць яго за ўласныя сродкі ў кароткі тэрмін. Аднак КУП «Менская спадчына» патрабуе закрыць касьцёл на няпэўны тэрмін.

19 сьнежня аб 11:00 Упаўнаважаны ў справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў Аляксандар Румак, прадстаўнікі Менгарвыканкаму, КУП «Менская спадчына», прадстаўнік МНС, а з боку Каталіцкай царквы — папскі нунцый Антэ Ёзіч, мітрапаліт Юзаф Станеўскі, ксёндз Юры Санько, пробашч парафіі Ўладзіслаў Завальнюк і некаторыя іншыя сьвятары ўвайшлі ў касьцёл для агляду яго цяперашняга стану.

Пры гэтым прадстаўнікам касьцёльнага камітэту не дазволілі ўдзельнічаць у аглядзе, нягледзячы на ліст ад КУП «Менская спадчына», у якім ёсьць канкрэтнае распараджэньне аб дазволе ўваходу ў касьцёл, паведамляе Сhyrvony.by.

Cа сьведчаньняў сьвятароў і тых, каму ўдалося ўвайсьці ў сьвятыню, выявілася наступнае:

  • У зале для богаслужбаў няма сьлядоў узгараньня, дыму і сажы — касьцёл чысты і прыгожы, прыдатны для набажэнстваў.
  • У касьцёле цёпла, гарачыя батарэі (пры гэтым ва ўсіх лістах, якія мы атрымлівалі ад дзяржаўных устаноў, нам паведамлялі, што ацяпленьня ў касьцёле няма).
  • У сакрыстыі агнём пашкоджаны кленчнік і крыж над ім, якія знаходзяцца як раз насупраць разьбітага вітражнага акна. У столі над крыжам выбіта дзірка (прыкладна 40×40 см).
  • Ва ўсім касьцёле, галерэі і падвалах не адчуваецца ўвогуле паху дыму, усюды чыста і цёпла з мноствам жывых вазонаў.

На думку відавочцаў, патрэбен рамонт толькі самой сакрыстыі, які можна выканаць у кароткі тэрмін. І парафія гатова зрабіць яго за ўласныя сродкі (ахвяраваньні вернікаў).

Адна, выданьне адзначае, што КУП «Менская спадчына» патрабуе закрыць касьцёл на рамонт, працягласьць якога нават ня вызначаная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перамовы з уладамі аб Чырвоным касьцёле будзе весьці ня пробашч Завальнюк. У парафіі зьявіўся адміністратар
  • Чырвоны касьцёл быў закрыты ўладамі для вернікаў і сьвятароў пасьля інцыдэнту з узгараньнем 26 верасьня. Ужо неўзабаве ўлады пастанавілі адабраць будынак ад парафіі, матывуючы рашэньне неабходнасьцю рамонту.
  • Ужо да 12 кастрычніка парафія мусіла забраць сваю маёмасьць з будынка. Але вернікаў і ксяндза не пускаюць у будынак касьцёла.
  • Ксёндз-магістар Уладзіслаў Завальнюк 11 кастрычніка маліўся на ганку каля зачыненых дзьвярэй Чырвонага касьцёла, калі да яго падышлі міліцыянты ў форме і паспрабавалі гвалтам адцягнуць з патрабаваньнем: «Пройдёмте!». Сьвятар папрасіў іх не кранаць яго, і міліцыянты перасталі яго чапаць. Сілавікі перашкаджалі малітве і іншых людзей, якія зьбіраліся каля сьвятыні.
  • 11 кастрычніка каталіцкая суполка накіравала Лукашэнку адкрыты ліст з просьбай дапусьціць упаўнаважаных прадстаўнікоў прыходу да агляду пашкоджаных пажарам збудаваньняў Чырвонага касьцёла ў Менску. Копія ліста разьмешчаная на сайце парафіі.
  • Парафіяне таксама заявілі, што пажар у храме быў невыпадковы, і накіравалі ў Сьледчы камітэт запыт аб даваньні інфармацыі па выніках праведзеных сьледчых дзеяньняў.
  • 13 кастрычніка споўнілася 175 гадоў фундатару касьцёла Эдварду Вайніловічу. Вайніловіч, гаспадарчы і палітычны дзяяч, мэмуарыст, нарадзіўся ў 1847 годзе. У 1905–1910 гадах на грошы Вайніловіча пабудавалі Чырвоны касьцёл у Менску ў памяць пра ягоных дзяцей, якія заўчасна памерлі, — Сымона і Алену Вайніловічаў.
  • У пачатку лістапада Менгарвыканкам адмоўна адказаў на зварот парафіянаў, забараніўшы ім маліцца бліжэй чым за 200 мэтраў ад касьцёла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пробашч закрытага ўладамі Чырвонага касьцёла працуе дворнікам пры храме. ФОТА