Хроніка перасьледу 21 сьнежня: 2 гады калёніі за «напад» на Азаронка; на беларуса завялі 58 крымінальных спраў за камэнтары

Рыгор Азаронак. Архіўнае фота

Рэпрэсіі супраць беларусаў працягваюцца.

На беларуса завялі 58 крымінальных спраў за камэнтары

Мужчыну затрымалі за перадачу інфармацыі пра аднаклясьніка-сілавіка ў «Чорную кнігу Беларусі» і нібыта пагрозы сілавікам у «дэструктыўных тэлеграм-каналах», паведамляе праўладны тэлеграм-канал. Сілавікі сьцьвярджаюць, што ён напісаў «43 тысячы экстрэмісцкіх камэнтароў», за што на яго завялі 58 крымінальных спраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 20 сьнежня: былога сілавіка асудзілі на 2,5 года калёніі за перасылку пэрсанальных зьвестак у Telegram

Палітвязьня асудзілі на 2 гады калёніі за «напад» на Азаронка і яго апэратара

У судзе Заводзкага раёну Менску вынесьлі прысуд 25-гадоваму палітзьняволенаму Арцёму Забелянкову.

Яго асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») і арт. 198 Крымінальнага кодэксу («Перашкода законнай прафэсійнай дзейнасьці журналіста»).

Паводле праваабаронцаў, падчас удзелу ў «Маршы гонару» 11 кастрычніка 2020 году Арцём зьвярнуўся з патрабаваньнем спыніць відэаздымку да дзяржаўнага журналіста Рыгора Азаронка і апэратара Андрэя Іваненкі.

Судзьдзя Алена Капцэвіч прызначыла палітвязьню 2 гады калёніі агульнага рэжыму.

У справе двое пацярпелых — Азаронак і Іваненка. Першы на суд не зьявіўся, а другі прасіў на працэсе не пазбаўляць хлопца волі. Азаронак у суд перадаў заяву, у якой казаў, што ня мае прэтэнзій да абвінавачанага.

Блогеры Кацярына і Сяргей Чарэшкі — на «Валадарцы»

Інстаблогеры Кацярына і Сяргей Чарэшкі — у СІЗА на «Валадарцы», паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Паводле папярэдняй інфармацыі, ім інкрымінавалі арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

Кацярына і Сяргей Чарэшкі

Пра затрыманьне сужэнцаў стала вядома 10 лістапада — мяркуючы па відэа сілавікоў, да блогераў прыйшлі за ўдзел у пратэстах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яна вярнулася, бо пагражалі пасадзіць у турму маці». Хто такая адміністратарка чатаў «97%», якая прыехала ў Беларусь і была арыштаваная

Крымінальную справу супраць кіраўнікоў NEXTA перадалі генпракурору для накіраваньня ў суд

Папярэдняе расьсьледаваньне справы скончанае, паведамляе Сьледчы камітэт. На гэта спатрэбілася менш за 2 тыдні — Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў аб пачатку спэцыяльнага вядзеньня спраў супраць кіраўнікоў каналу NEXTA Сьцяпана Пуцілы і Яна Рудзіка 9 сьнежня.

Іх будуць судзіць завочна. Пуцілу абвінавачваюць па 11 артыкулах Крымінальнага кодэксу, Рудзіка — па 10 артыкулах. Адрозна ад Пуцілы, Рудзіку не інкрымінавалі «арганізацыю дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі». Канал NEXTA прызнаны ўладамі Беларусі «тэрарыстычнай арганізацыяй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт пачаў спэцыяльнае вядзеньне справаў супраць кіраўнікоў NEXTA Пуцілы і Рудзіка, КДБ — супраць Пракоп’ева