«Для народа Беларусі Сяргей — па-ранейшаму ўвасабленьне гонару, сілы і харызмы». Ціханоўская — пра мужа і новае абвінавачваньне

Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота.

«Для сваіх пасьлядоўнікаў Сяргей — лідэр, якому важна слухаць і чуць людзей. А для народа Беларусі Сяргей — па-ранейшаму ўвасабленьне гонару, сілы і харызмы. І ніякія абвінавачваньні ніколі гэтага ня зьменяць», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская​​​​​ ў адказ на новае абвінавачваньне свайму мужу.

Паводле Сьледчага камітэту, асуджанаму на 18 гадоў турэмнага зьняволеньня Сяргею Ціханоўскаму выставілі абвінавачаньне ў «злачынстве супраць правасудзьдзя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьню Ціханоўскаму, асуджанаму на 18 гадоў, выставілі новае абвінавачаньне

З гэтай нагоды жонка Ціханоўскага — дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская — выступіла з адмысловай заявай:

«Беларусы не павінныя пакутаваць з-за таго, што нехта хоча ўлады. Мікалаю Статкевічу, Анджэю Пачобуту, Дар’і Лосік, Эдуарду Бабарыку і тысячам іншых людзей прыдумляюць новыя і новыя неіснуючыя крымінальныя справы. Тыя ж людзі зрабілі Беларусь суагрэсарам у вайне Расеі супраць Украіны. Праз гэтых людзей на Беларусь працягваюць накладваць санкцыі...

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ШЫЗА, ПКТ, «крытая» турма і плёткі пра «нізкі статус». Як рэжым помсьціць Сяргею Ціханоўскаму і ягонаму атачэньню

Сёньня я даведалася пра новую справу ў дачыненьні да майго мужа Сяргея Ціханоўскага. Са зьяўленьнем кожнай новай такой навіны і новых абсурдных абвінавачаньняў мяне пытаюцца, як я да гэтага стаўлюся. Але мая пазыцыя застаецца нязьменнай, як і пазыцыя Сяргея.

Ужо два з паловай гады майго мужа спрабуюць выставіць злачынцам. Як спрабуюць выставіць злачынцамі беларусаў за „завышаныя“ на некалькі капеек кошты на курыцу, гульню на віялянчэлі на вуліцы ці камэнтары ў інтэрнэце. Але для сваіх дзяцей Сяргей — клапатлівы бацька».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Помста як жыцьцёвае крэда. Чаму аналітыкі памыляюцца, калі спрабуюць вытлумачыць паводзіны Лукашэнкі толькі рацыянальнымі матывамі