Колькасьць ахвяраў землятрусу ў Турэччыне і Сырыі вырасла да 15 тысяч. ФОТА

Землятрус магнітудай 7,8 бала адбыўся раніцай 6 лютага за 23 кілямэтры на ўсход ад Нурдагі на глыбіні 24,1 км. Нурдагі знаходзіцца ўздоўж турэцка-сырыйскай мяжы, і землятрус адчуваўся ў некалькіх краінах рэгіёну, у тым ліку ў Сырыі і Лібане.

Больш за 30 000 чалавек атрымалі раненьні, і ўлады чакаюць, што колькасьць загінулых будзе расьці, бо ратавальнікі імкнуцца выцягваць тых, хто выжыў, з-пад завалаў у гарадах і пасёлках па ўсёй тэрыторыі.

Усяго ў выніку найбуйнейшага землятрусу на паўднёвым усходзе Турэччыны і на поўначы Сырыі пацярпелі да 23 млн чалавек, у тым ліку 5 млн асабліва ўразьлівых людзей.

Урад Турэччыны ацаніў колькасьць людзей, якія непасрэдна пацярпелі ад землятрусу ў гэтай краіне, у 13,5 млн чалавек. Колькасьць ахвяр імкліва павялічваецца. 

Пад заваламі ўсё яшчэ застаюцца людзі. Аднак ва ўмовах зімовых халадоў магчымасьцяў дастаць іх адтуль жывымі ўсё менш.

Зруйнавана прыблізна шэсьць тысяч будынкаў, сярод якіх шматпавярховыя жылыя дамы. Па прагнозах Сусьветнай арганізацыі здароўя, канчатковая колькасьць загінулых можа перавысіць 20 тысяч.

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган аб'явіў 10 гарадоў на поўдні краіны зонамі бедзтва, паведаміўшы, што ў кожным зь іх будзе ўведзена трохмесячнае надзвычайнае становішча. 

Землятрус 6 лютага стаў самым моцным у Турэччыне з 1939 году. Землятрусы такой магнітуды рэдкія, у сярэднім менш за пяць за год у любым пункце сьвету.

Ад магутнага землятрусу на паўднёвым усходзе Турэччыны і на поўначы Сырыі пацярпелі каля 23 мільёнаў чалавек. Больш за 30 тысяч атрымалі раненьні. Выратавальная апэрацыя працягваецца.