Падчас выступу Савіных у АБСЭ расейцы абражалі ўкраінскі сьцяг. ВІДЭА

Андрэй Савіных

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных выступіў сёньня з прарасейскай прамовай на Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Вене. Падчас гэтага выступу ўкраінскія дэпутаты разгарнулі за ім нацыянальны сьцяг.

Савіных, які ў Палаце прадстаўнікоў узначальвае Пастаянную камісію па міжнародных справах, назваў вайну ва Ўкраіне, на ўзор расейскай прапаганды, «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй».

«Пралёгам да СВА, якая сёньня праходзіць ва Ўкраіне, стала пашырэньне NATO на ўсход, якое суправаджалася разьмяшчэньнем наступальных узбраеньняў. Сёньня больш за 30 тысяч салдат NATO, узброеных наступальнай зброяй, сканцэнтравана паблізу межаў Беларусі. У Беларусі добра памятаюць масіраваныя бамбардзіроўкі авіяцыяй NATO мірных сэрбскіх гарадоў», — заявіў Савіных.

У гэты час некалькі прадстаўнікоў украінскай дэлегацыі сталі за Савіных са сваім нацыянальным сьцягам. На відэа, якое распаўсюджваюць праўладныя рэсурсы, чуваць, як нехта груба зьвяртаецца да ўкраінцаў: «Анучу прыбралі». Гукі даходзілі з другога канца стала, дзе разьмясьцілася расейская дэлегацыя. Апрача беларускіх дэпутатаў, у сэсіі ПА АБСЭ ўдзельнічаюць 18 расейскіх дэпутатаў.

Літва адмовіліся ад удзелу ў зімовай сэсіі. Паводле папярэдніх зьвестак, Польшча — таксама. Дэлегацыя Вярхоўнай Рады Ўкраіны заявіла, што ня будзе ўдзельнічаць у сэсіі, але адправіцца ў Вену для перамоваў з партнэрамі, паведамілі ўкраінскія СМІ.

У Вене на сэсію Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ прыбылі дзьве беларускія дэлегацыі. Праўладную ўзначальвае Андрэй Савіных. На чале дэлегацыі дэмакратычнай Беларусі — Сьвятлана Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў АБСЭ: «Лукашэнка павінен паўстаць перад трыбуналам»