Баскетбалістка Леўчанка, якую арыштоўвалі за ўдзел у пратэстах, пераехала ў Лос-Анджэлес, дзе працуе з кампаніяй Nike

Алена Леўчанка падчас пратэстаў 2020 году ў Менску (архіўнае фота)

Зорка беларускага баскетболу Алена Леўчанка асудзіла рэпрэсіі пасьля выбарчай кампаніі 2020 году і падтрымала пратэсты.

Цяпер беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка пераехала ў Лос-Анджэлес і пачала працаваць у кампаніі спартовага адзеньня Nike. Пра гэта яна паведаміла ў сацсетках:

«Апошні месяц быў такі насычаны, што я выпала з Інстаграм. Пераезд у Лос-Анджэлес, сытуацыя, у якой я была за крок ад аварыі, ну і самае галоўнае — мой новы шлях і новае пачынаньне — праца ў Nike. Калі пачынаеш новы шлях — гэта заўсёды складана і хвалююча, але вельмі цікава. Веру, што ўсё атрымаецца», — напісала Леўчанка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Славутая баскетбалістка Алена Леўчанка, якая пасьля арышту за ўдзел у пратэстах вымушана пакінула Беларусь, завяршыла кар’еру

Алена Леўчанка — адна з найлепшых спартсмэнак у гісторыі беларускага баскетболу. У жніўні 2020 году яна падпісала адкрыты ліст спартсмэнаў з патрабаваньнем правесьці новыя выбары, а пасьля ўвайшла ў Свабоднае абʼяднаньне спартсмэнаў Беларусі.

Увосень 2020-га Алена правяла ў менскім ізалятары на Акрэсьціна 15 сутак. Яна зьехала зь Беларусі ў Грэцыю, а ў лістападзе 2022 году абвясьціла пра завяршэньне спартовай карʼеры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мроі пра «альтэрнатыўную Алімпіяду». Беларускі спорт задыхаецца ад санкцыяў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жаночую зборную Беларусі ў баскетболе адхілілі ад удзелу ў адборы да чэмпіянату Эўропы 2023 году