Навіны палітвязьняў: анархістаў Емяльянава і Раманава зноў зьмясьцілі ў ШЫЗА

Папраўчая калёнія ў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі 1456 палітвязьняў, паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна». Іншыя праваабарончыя ініцыятывы заяўляюць, што палітзьняволеных нашмат больш.

У Ваўкавыскай калёніі нумар 11 зьняволенага анархіста Сяргея Раманава зноў пакаралі 15 суткамі ў штрафным ізалятары (ШЫЗА), паведамляе ініцыятыва #dissidentby.

Раманава ў сьнежні 2022 году зьмяшчалі ў памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ) на 4 месяцы. Вядома, што супраць яго завялі новую крымінальную справу па арт. 411 КК РБ «Злоснае непадпарадкаваньне», якую ўжо перадалі ў пракуратуру. Пакараньне па гэтым артыкуле прадугледжвае ад 1 да 2 гадоў пазбаўленьня волі.
Сяргея Раманава раней асудзілі на 20 год пазбаўленьня волі.

Іншы зьняволены актывіст анархісцкага руху Мікіта Емяльянаў таксама трапіў у ШЫЗА. Мінулым разам Мікіта выйшаў з ШЫЗА 18 лютага. Акрамя таго, Емяльянава адправілі на камісію, пасьля якой яго могуць перавесьці на турэмны рэжым да канца тэрміну.

11 сакавіка 2022 году Мікіту Емяльянава асудзілі па арт. 411 КК РБ на 2 гады пазбаўленьня волі. Агульны ягоны тэрмін пакараньня — 6 гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Луцкіна перахварэла ў калёніі на двухбаковую пнэўманію