У акупаваным Расеяй Луганску асудзілі ўкраінскага праваабаронцу, які дапамагаў беларусам і трапіў у расейскі палон

Максім Буткевіч (у цэнтры) на прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай праблемам легалізацыі беларусаў ва Ўкраіне. Кіеў, 21 ліпеня 2021

Максім Буткевіча акупацыйныя ўлады асудзілі на 13 гадоў калёніі.

У сакавіку 2022 году Максім Буткевіч добраахвотна пайшоў на службу ва ўкраінскае войска, каб абараняць Украіну ад расейскай агрэсіі, а ў ліпені 2022-га стала вядома, што ён трапіў у расейскі палон.

Сьледчы камітэт Расеі паведаміў, што ў акупаванай Расеяй Луганскай вобласьці асудзілі ўкраінскага праваабаронцу Максіма Буткевіча на 13 гадоў пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў калёніі строгага рэжыму.

Максім Буткевіч — украінскі праваабаронца і журналіст, які спэцыялізуецца на абароне правоў уцекачоў. У красавіку 2021 году ён першым паведаміў аб незаконных дзеяньнях СБУ ў дачыненьні да беларускага анархіста Аляксея Балянкова.

Максім Буткевіч

Праваабаронца таксама ўдзельнічаў у шэрагу захадаў, прымеркаваных праблемам легалізацыі беларусаў, якія пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе ўцякалі ад палітычнага перасьледу зь Беларусі ва Ўкраіну.

У сакавіку 2022 году ён добраахвотна пайшоў на службу ва ўкраінскае войска, каб абараняць Украіну ад расейскай агрэсіі, а ў ліпені 2022-га стала вядома, што ён трапіў у расейскі палон.

Паводле Сьледчага камітэту Расеі, Максіма Буткевіча асудзілі «за замах на забойства дзьвюх асобаў і наўмыснае пашкоджаньне чужой маёмасьці агульнанебясьпечным спосабам (ч. 3 артыкулу 30 пп. „а, е“ ч. 2 артыкулу 105 Крымінальнага кодэксу Расеі)».

У паведамленьні ўдакладняецца, што Максім Буткевіч нібыта «з супрацьтанкавага гранатамёта абстраляў пад’езд жылога дома ў Севераданецку Луганскай вобласьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіну зьехалі тысячы грамадзян Беларусі. Зь якімі праблемамі яны сутыкаюцца
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У расейскі палон трапіў украінскі праваабаронца, які дапамагаў беларускім уцекачам