Журналісты знайшлі сакрэтны крамлёўскі дакумэнт аб захопе Малдовы і адкрыцьці другога фронту ў Прыднястроўі

Прарасейскі пратэст у Кішынёве, 12 сакавіка. Ілюстрацыйнае фота

У руках журналістаў апынуўся дакумэнт пад назвай «Стратэгічныя мэты Расейскай Фэдэрацыі ў Рэспубліцы Малдове». Гэты дакумэнт аналягічны таму, які быў раней апублікаваны адносна Беларусі.

Абодва дакумэнты распрацавалі ва ўпраўленьні па памежнай супрацы адміністрацыі прэзыдэнта Расеі і ўзгаднілі з расейскімі спэцслужбамі.

Цэнтар «Дасье», які зьяўляецца некамэрцыйным праектам расейскага палітыка і бізнэсоўца Міхаіла Хадаркоўскага, заявіў, што Расея пасьля ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну плянавала захоп Малдовы і адкрыцьцё другога фронту ў Прыднястроўі, але пакуль адмовілася ад гэтага пляну на карысьць эканамічнага ціску.

У новым расьсьледаваньні разам з цэнтрам «Дасье» бралі ўдзел Міжнародны кансорцыюм журналістаў, RISE, Delfi, Kyiv Independent, Belarusian Investigative Center, Yahoo News, Süddeutsche Zeitung, Westdeutscher Rundfunk, Norddeutscher Rundfunk, Expressen, Frontstory і VSquare.

Структура стратэгіі, як паведамляюць журналісты, вельмі падобная на беларускую: задачы падзяляюцца на «ваенна-палітычныя», «гандлёва-эканамічныя» і «гуманітарныя».

Распрацоўнікі стратэгіі лічаць «рэалістычнымі» мэтамі на наступныя дзесяць гадоў супрацьстаяньне далучэньню Малдовы да Эўразьвязу і NATO, прымус да ўдзелу ў АДКБ, ЭАЭС і іншых расейскіх міжнародных праектах, урэгуляваньне прыднястроўскага канфлікту на аснове асаблівага статусу рэгіёну, нарошчваньне прарасейскіх настрояў у грамадзтве праз прапаганду і адукацыйныя праграмы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пракамэнтаваў інфармацыю пра пляны расейскага захопу Беларусі і заявіў, што «доўга размаўляў з Пуціным» 24 лютага

Што адбываецца ў Малдове

13 лютага прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду заявіла, што Расея плянуе пры дапамозе іншаземных грамадзян з вайсковай падрыхтоўкай ажыцьцявіць у Малдове дзяржаўны пераварот, каб цалкам падпарадкаваць краіну Расеі.

Малдова падала заяўку на ўступленьне ў Эўрапейскі зьвяз адразу пасьля таго, як Расея ўварвалася ва Ўкраіну амаль год таму. Расея ўжо тры дзесяцігодзьдзі трымае свае войскі ў сэпаратысцкім рэгіёне Малдовы Прыднястроўі.

23 лютага Міністэрства абароны Расеі паведаміла аб нібыта падрыхтоўцы Украінай «узброенай правакацыі супраць Прыднястроўя» з выкарыстаньнем «нацыяналістычнага фармаваньня „Азоў“».

9 лютага прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, выступаючы на саміце Эўразьвязу, заявіў, што Кіеў «перахапіў плян зьнішчэньня Малдовы», складзены расейскай выведкай, і перадаў яго ў Кішынёў. Пазьней Служба выведкі і бясьпекі Малдовы пацьвердзіла, што атрымала інфармацыю аб гэтым пляне.

9 сакавіка так званае «Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі» самаабвешчанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі заявіла аб папярэджаньні тэракту, які нібыта рыхтавала СБУ ў дачыненьні да «шэрагу адказных асобаў ПМР».

У Службе бясьпекі Ўкраіны заявілі, што любыя заявы так званага «Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі» непрызнанай «Прыднястроўскай Народнай Рэспублікі» (ПМР) варта разглядаць выключна як «правакацыю, якую зрэжысавалі ў Крамлі».

12 сакавіка ў Малдове прайшоў мітынг, арганізаваны прарасейскай партыяй «Шор». Пратэстоўцы зьяжджаліся ў сталіцу Малдовы для ўдзелу ў мітынгу на дзясятках аўтобусаў, але іх спыніла паліцыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея абвінаваціла Ўкраіну ў намеры захапіць Прыднястроўе. У Малдове зьняпраўдзілі

Што пісалі пра расейскія пляны анэксіі Беларусі

Раней журналісты атрымалі доступ да ўнутранага дакумэнту расейскіх уладаў пад назвай «Стратэгічныя мэты Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі», згодна зь якім Расея зьбіраецца да 2030 году акупаваць Беларусь.

У расьсьледаваньні ўдзельнічаў кансорцыюм журналістаў з Süddeutsche Zeitung, WDR, NDR, Yahoo News, Delfi Eesti, цэнтра «Дасье», Expressen, Independent, Frontstory, Беларускага расьсьледніцкага цэнтру (БРЦ) і VSquare. Дакумэнт атрымала рэдакцыя Yahoo.News.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сакрэтны крамлёўскі дакумэнт падрабязна апісвае пляны расейскага захопу Беларусі да 2030 году

Дакумэнт датуецца летам 2021 году і зьмяшчае 17 старонак. У ім пералічаны палітычныя, абаронныя, гандлёвыя і сацыяльныя мэты расейскіх уладаў у Беларусі. Яны падзелены на тры катэгорыі — кароткатэрміновыя (да 2022 году), сярэднетэрміновыя (да 2025 году) і далёкатэрміновыя (2030 год).

У дакумэнце разгледжана ўсё, што зьвязана з абʼяднаньнем краін, сьцьвярджаюць журналісты. Сам дакумэнт яны не публікуюць.

У дакумэнце, на які спасылаюцца расьсьледнікі, пішуць, што рэформа Канстытуцыі, якую прынялі ў Беларусі ў лютым 2022 году, павінна быць завершана ў адпаведнасьці з расейскімі інтарэсамі, а законы рэспублікі — «гарманізаваны» з законамі Расеі. А ўплыў NATO варта яшчэ зьменшыць.

Экспэрты, якім паказалі дакумэнт на праверку, лічаць яго сапраўдным.

«Па сваёй зьнешняй форме дакумэнт нагадвае стандартны дакумэнт расейскай бюракратыі або палітычнага кіраваньня», — сказаў намесьнік дырэктара Стакгольмскага цэнтру ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў (SCEEUS) Марцін Краг.

Рэдакцыя Свабоды ня можа апэратыўна праверыць зьвесткі расьследаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтка Малдовы: Расея хоча зрабіць у нас пераварот пры дапамозе іншаземцаў, у тым ліку беларусаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэс-сакратар Пуціна: шчыльная інтэграцыя Расеі і Беларусі «не зьяўляецца вяртаньнем да СССР»