МЗС Кітаю пракамэнтавала рашэньне Расеі разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі

Кіраўнік КНР Сі Цзіньпін

Ядзерная вайна ніколі не павінна пачацца, бакі павінны засяродзіцца на дыпляматычным разьвязаньні ўкраінскага крызісу. Пра гэта заявіла на брыфінгу ў панядзелак афіцыйная прадстаўніца МЗС Кітаю Мао Нін, камэнтуючы рашэньне РФ аб разьмяшчэньні ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі.

«Пятага студзеня мінулага году лідэры дзяржаў, якія валодаюць ядзернай зброяй, выступілі з сумеснай заявай, у якой гаварылася, што немагчыма выйграць або весьці ядзерную вайну. У заяве падкрэсьлівалася, што трэба пазьбягаць войнаў паміж дзяржавамі, якія валодаюць ядзернай зброяй, і зьніжаць стратэгічныя рызыкі», — сказала дыпляматка, адказваючы на просьбу пракамэнтаваць пазыцыю Кітаю адносна рашэньня Расеі разьмясьціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін: Расея разьмесьціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю

Мао Нін падкрэсьліла, што ў цяперашніх абставінах усе бакі «павінны засяродзіцца на дыпляматычных намаганьнях для мірнага ўрэгуляваньня ўкраінскага крызісу і працаваць разам, каб спрыяць разрадцы сытуацыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апошні аргумэнт дыктатараў. Беларусь пад ядзерным прыцэлам. Тлумачэньні палітоляга і палітычнага аналітыка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля таго як завязуць ядзерную зброю, у Беларусі зьявіцца сталая расейская вайсковая база», — меркаваньне расейскага вайсковага экспэрта

У сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт: «Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».