Адвакат асуджанага за «дыскрэдытацыю арміі» расейца заявіў, што той зьнік пасьля затрыманьня ў Менску

Аляксей Маскалёў. Архіўнае фота

Расейца Аляксея Маскалёва затрымалі ўначы 30 сакавіка ў Менску. З таго часу пра яго няма вестак. Дзе цяпер знаходзіцца дачка Аляксея Маша, якую раней зьмясьцілі ў прытулак, таксама невядома, піша «ОВД-Инфо».

«Яго выцягнулі, павезьлі ў невядомым кірунку», — расказаў адвакат Дзьмітрый Захватаў, які падтрымліваў з Аляксеем сувязь.

Адвакату Аляксея Маскалёва Уладзіміру Біліенку таксама невядома, дзе знаходзіцца ягоны падабаронны. Проста цяпер з Аляксеем можа адбывацца ўсё што заўгодна, адзначае «ОВД-Инфо».

Пра месцазнаходданьне дачкі Аляксея Марыі таксама няма ніякіх зьвестак. Адвакату Біліенку сустрэцца зь дзяўчынкай не дазволілі: у апошні яго візыт яна нібыта была на выязным кулінарным конкурсе.

На 6 красавіка ў Аляксея Маскалёва заплянаваны суд аб абмежаваньні бацькоўскіх правоў. Яшчэ адной пазванай будзе маці Марыі Вольга Сітчыхіна. На мінулым тыдні яна заявіла, што гатова забраць дзяўчынку, хоць ня бачылася зь ёй больш за сем гадоў. Адвакат Уладзімір Біліенка ўпэўнены, што перадача Марыі маці — гэта ініцыятыва ўладаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менск пацьвердзіў затрыманьне асуджанага за «дыскрэдытацыю арміі» расейца, які ўцёк з-пад хатняга арышту

На мінулым тыдні праваабаронцы з цэнтру «Мемориал» і праекту «ОВД-Инфо» зьвярнуліся ў Эўракамісію і Раду Эўропы з заклікам зьвярнуць увагу на крымінальны перасьлед Аляксея Маскалёва.

Аўтары ліста просяць міжнародныя органы выкарыстаць усе даступныя сродкі, каб прадухіліць экстрадыцыю Маскалёва з Рэспублікі Беларусь у Расею.

Праваабаронцы таксама адзначаюць, што неабходна дамагацца перадачы Маскалёва ў трэцюю краіну — бясьпечную і гатовую яго прыняць.

  • У красавіку 2022 году Марыя Маскалёва, дачка Аляксея, намалявала антываенны малюнак на ўроку выяўленчага мастацтва. Зь дзяўчынкай «правялі гутарку» супрацоўнікі ФСБ, а на яе бацьку спачатку склалі адміністрацыйны пратакол аб «дыскрэдытацыі» расейскай арміі, а затым супраць яго распачалі крымінальную справу аб паўторнай «дыскрэдытацыі».
  • Аляксея Маскалёва адправілі пад хатні арышт, а Машу — у прытулак. 28 сакавіка Маскалёву прысудзілі 2 гады калёніі. Ён уцёк у ноч перад вынясеньнем прысуду. Паводле адной з вэрсій, Маскалёў не пазбавіўся ад свайго мабільнага тэлефона і ўключыў яго ў Беларусі. Так яго змаглі знайсьці і затрымаць беларускія сілавікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раду Эўропы просяць не дапусьціць выдачы асуджанага за «дыскрэдытацыю арміі» расейца зь Беларусі ў РФ