Навіны палітвязьняў: жонка Статкевіча 56 дзён нічога ня ведае пра мужа, журналіста Падабеда пакінулі пад вартай

Мікола Статкевіч, архіўнае фота

У Беларусі цяпер 1486 палітвязьняў, паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна». Іншыя праваабарончыя ініцыятывы заяўляюць, што палітзьняволеных нашмат больш.

Жонка палітвязьня Міколы Статкевіча Марына Адамовіч у фэйсбуку паведаміла, што ўжо амаль два месяцы няма ніякіх навін пра мужа.

«56 дзён я нічога ня ведаю пра Міколу Статкевіча. Ні-чо-га. Усё напісанае падае ў цёмную задушлівую прорву. Ні гуку, ні шавяленьня паветра. На мае афіцыйныя звароты адказу таксама няма. Верагодна, адзіны „закон“, які дзейнічае, гэта — „иногда не до законов“. Апошнія сілы ідуць не на тое, каб жыць, а на тое, каб ня клясьці. Яны самі з гэтым справяцца. Усё мінае, а душа бесьсьмяротная. Пакуль я пра гэта памятаю. Але вельмі цяжка», — напісала Марына Адамовіч.

  • 66-гадовага Мікалая Статкевіча затрымалі 30 траўня 2020 году, калі ён разам з жонкай ехаў у цэнтар Менску, дзе адбываўся збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў на выбарах 9 жніўня 2020 году. 14 сьнежня 2021 году судзьдзя Мікалай Доля асудзіў Статкевіча на 14 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі асаблівага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ігар Лосік другі раз запар трапіў у штрафны ізалятар

Палітзьняволены журналіст Павал Падабед па рашэньні суда застаецца пад вартай

Палітвязень фатограф і відэааператар Павал Падабед па рашэньні суда Партызанскага раёна Менска пакінуты пад вартай, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

Судзьдзя Аляксандар Супічэнка 5 красавіка адхіліў скаргу адваката журналіста на заключэньне пад варту. Паседжаньне праходзіла ў закрытым рэжыме.

Паводле інфармацыі БАЖ, 43-гадовага фатографа і апэратара Паўла Падабеда затрымалі 20 студзеня ў Менску – за дзень да выезду, які плянаваўся за мяжу.

Фармальна прэтэнзіі да яго ўзьніклі з-за спасылак у сацыяльных сетках за 2012 год на публікацыі ў СМІ, якія праз 10 гадоў улады прызналі «экстрэмісцкімі».

Пасьля затрыманьня праўладныя крыніцы апублікавалі фотаздымак з пасьведчаньнем Падабеда як супрацоўніка інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, дзе ён даўно не працуе, і атрыбутыкай нацысцкай Нямеччыны.

Падабеда арыштавалі на 15 сутак па арт. 19.11 КаАП за «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў», аднак пасьля арышту не вызвалілі і перавялі ў менскі сьледчы ізалятар № 1.
Пазьней стала вядома, што журналіст праходзіць па справе аб «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 3614 КК).
Падабед адмовіўся ад дачы паказаньняў на этапе сьледзтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 5 лютага: «хапун» у Лепелі; на відэаапэратара Падабеда завялі крымінальную справу; бард Мельнікаў на волі