Хроніка перасьледу 16 красавіка: Супрацоўнікаў Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка Бортніка і Супранёнка перавялі ў віцебскае СІЗА

Полацак. Ілюстрацыйнае фота.

Супрацоўнікаў Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка Ігара Бортніка і Ігара Супранёнка перавялі ў віцебскі сьледчы ізалятар № 2. Пра гэта BPN паведаміла крыніца, якая пажадала застацца неназванай.

Фатографа з Наваполацку Супранёнка 11 красавіка арыштавалі на 15 сутак. Па якім артыкуле яго судзілі, невядома.

Гэта другі арышт Супранёнка на 15 сутак пасьля затрыманьня 29 сакавіка. Першы быў прызначаны паводле артыкулу 19.11 КаАП (распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 11 красавіка: Наваполацкі суд арыштаваў фатографа Ігара Супранёнка яшчэ на 15 сутак

8 красавіка пасьля 10-сутачнага арышту па гэтым жа артыкуле не вызвалілі супрацоўніка Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка кандыдата філязофскіх навук Ігара Бортніка. 10 красавіка суд Наваполацка арыштаваў яго яшчэ на 13 сутак на падставе пратаколу, складзенага паводле ч.1 арт. 24.23 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

Разам з Бортнікам і Супранёнкам 29 і 30 сакавіка ў Полацку і Наваполацку затрымалі больш за 10 супрацоўнікаў запаведніка. Сярод іх — былая дырэктарка установы, загадчыца навукова-экспазыцыйнага аддзела Тамара Джумантаева і фатограф Кірыл Смалякоў. Іх арыштоўвалі на 15 сутак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля адміністрацыйных арыштаў вызваляюць супрацоўнікаў Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка

Таксама былі затрыманыя Аксана Шафран, Аксана Козел, Вольга Філімонава, Вікторыя Бабко, Надзея Язмер і Алена Ходзікава. Частку затрыманых вызвалілі, канфіскаваўшы тэхніку і прызначыўшы даты судоў. Паводле папярэдняй інфармацыі, іх абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў», камэнтарах і лайках у сацсетках і мэсэнджарах.

Як паведаміў BPN 15 красавіка, Джумантаеву звольнілі з запаведніка падчас адбыцьця адміністрацыйнага арышту. Яна, Смалякоў і электрык установы (прозьвішча невядомае) выйшлі на волю 13 красавіка.

14 красавіка вызвалілі старшую навуковую супрацоўніцу Полацкай мастацкай галерэі Аляксандру Касьцюкевіч і Алену Ходзікаву, якая раней звольнілася з запаведніка па ўласным жаданьні. Яны адбылі 15 сутак па адміністрацыйных справах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўніцу Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка звольнілі падчас адбыцьця адміністрацыйнага арышту