Украінскі таран для Беларусі. Чаму мы павінны дапамагаць украінцам

Сымболіка на ўніформе байцоў Беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага, які ваюе за Ўкраіну. Ілютрацыйнае фота

​​​​​​​Украіна для Беларусі служыць своеасаблівым таранам у сьвеце. Перамога Ўкраіны — непазьбежная перамога — будзе перамогай і Беларусі. Хоць і не канчатковай.

Тое, што Ўкраіна ваюе і за нас, за Беларусь — гэта не зусім лёзунг і не зусім мэтафара. Асабліва калі паглядзець на тое, як сьвет падчас вайны пачаў знаёміцца з Украінай, яе гісторыяй і трагічным шляхам, які прывёў да цяперашняга стану.

Чытаю, як у вядомым часопісе New Yorker апавядаецца пра досьвед русыфікацыі, такі знаёмы для кожнага беларуса:

«Украінскую мову я вучу гэтак жа сама, як мае дзяды і і бабулі вучылі расейскую».

На першых паліцах кнігарняў у многіх эўрапейскіх гарадах — кнігі аб гісторыі Ўкраіны. Эўрапейскія тэлеканалы здымаюць дакумэнтальныя фільмы пра Ўкраіну. Паўсюль чытаюцца лекцыі пра Ўкраіну і яе гісторыю — такую лекцыю можна было наведаць нават у зусім маленькім нямецкім мястэчку, дзе я цяпер жыву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За што нас так ня любяць?» Як беларусам супрацьстаяць непрыязнаму стаўленьню да сябе

Беларусы біліся за тое, каб зь імі лічыліся ў сьвеце, на працягу апошніх трыццаці гадоў (а можа, і ста — гледзячы як лічыць) — і ўсё марна. Ніхто не хацеў нас заўважаць і паглыбляцца ў нашы праблемы.

Цяпер мы прынамсі атрымалі пункт, ад якога можна адштурхнуцца, калі расказваеш пра Беларусь іншаземцам. Чым больш зразумелай сьвету робіцца Ўкраіна, тым больш зразумелай яму робіцца і Беларусь.

Бо Беларусь — гэта як Украіна, толькі нашмат трагічней.

Беларусь стала першай з краінаў — суседак Расеі ахвярай бальшавікоў у 1918 годзе: раней за Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.

Беларусь раней за Ўкраіну стала ахвярай і расейскага імпэрыялізму ў 90-я, калі ельцынскі ўрад паспрыяў дзяржаўнаму перавароту, які Лукашэнка ажыцьцявіў у 1995–1996 гг. у выніку якога Беларусь ужо тады ператварылася ў адну вялікую «ДНР». Беларусь з 90-х гадоў знаходзіцца пад уладай прарасейскага аўтарытарнага рэжыму, які абслугоўвае расейскія інтарэсы і ў якасьці сваёй ідэалёгіі кіруецца чымсьці блізкім да расейскага імпэрскага нацыяналізму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Візытэр, які можа дорага каштаваць Лукашэнку. Сустрэча з Пушыліным мяняе стаўленьне Кіева да рэжыму ў Менску

Беларусь, як і Ўкраіна, зьяўляецца аб’ектам расейскай калянізацыі і агрэсіі на працягу стагодзьдзяў. Але, у адрозьненьне ад Украіны, у выпадку зь Беларусьсю расейскі імпэрыялізм праз больш жорсткія рэпрэсіі і празь меншы памер краіны амаль што дасягнуў сваёй канчатковай мэты.

Беларуская мова знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня, воля да супраціву ў беларускага грамадзтва задушаная. Ёсьць дастатковая колькасьць ляяльных Расеі русыфікаваных манкуртаў зь ліку беларусаў, якія робяць непатрэбнай акупацыю Беларусі расейскімі войскамі і здольныя самі забясьпечваць фактычны расейскі кантроль над усёй Беларусьсю, а ня толькі над асобнымі рэгіёнамі, як ва Ўкраіне.

Беларусь — гэта вельмі мяккая форма таго, што было б ва Ўкраіне ў выпадку, калі б Пуцін раптам перамог.

Лепшая зразумеласьць Беларусі сьвету па аналёгіі з Украінай — гэта, здавалася б, дробязь, але з такіх дробязяў цягам апошняга стагодзьдзя крок за крокам і выпакутоўвалася беларуская незалежнасьць. І гэта хіба яшчэ адна важная прычына, чаму мы павінны дапамагаць Украіне бараніць яе незалежнасьць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Неабходна весьці дыялёг зь Ціханоўскай — старшыня камітэту Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў зьнешняй палітыцы