У Менску і Гомельскай вобласьці пачаліся трохтыднёвыя зборы тэрытарыяльных войскаў

Вайсковыя вучэньні ў рамках баявой праверкі сіл рэагаваньня. 6 траўня 2023

Пад канец збораў адбудуцца камандна-штабныя вучэньні пад кіраўніцтвам намесьнікаў старшыняў Гомельскага абласнога і Менскага гарадзкога выканкамаў, паведамляе прэс-служба Мінабароны Беларусі.

У Гомлі, Мазырскім раёне (Гомельская вобласьць) і Ленінскім раёне Менску з 11 траўня па 2 чэрвеня праходзяць навучальныя зборы з «вайсковаабавязанымі, прызначанымі для камплектаваньня органаў кіраваньня тэрытарыяльнай абароны і воінскіх часьцей тэрытарыяльных войскаў», паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

У гэты пэрыяд адпрацуюць «комплекс мерапрыемстваў, зьвязаных з фармаваньнем тэрытарыяльных войскаў і падрыхтоўкай іх да выкананьня задач тэрытарыяльнай абароны».

Адзначаецца, што пад канец збораў адбудуцца камандна-штабныя вучэньні пад кіраўніцтвам намесьнікаў старшыняў Гомельскага абласнога і Менскага гарадзкога выканкамаў.

«Падчас вучэньняў падразьдзяленьням тэрытарыяльных войскаў трэба ахоўваць аб’екты жыцьцезабесьпячэньня, забясьпечваць грамадзкі парадак на вуліцах гарадоў сумесна з асабовым складам органаў унутраных спраў», — заявілі ў сілавым ведамстве.

  • Тэрытарыяльныя войскі — гэта род войскаў Узброеных сіл, які склікаецца ў пэрыяд вайны або напружанага ваенна-палітычнага становішча. Выконвае дапаможныя функцыі. Складаецца з асоб, якія прайшлі службу і знаходзяцца ў запасе.

У лютым 2022 году кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.

10 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў аб дамоўленасьці з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі. З 15 кастрычніка Расея пачала перакідаць войскі ў Беларусь.

У студзені прайшла тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў». З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна таксама праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў.

Вучэньні адбываюцца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хаця беларускае войска ў баях ня ўдзельнічае. Менавіта пасьля вайсковых манэўраў у Беларусі войскі Расеі ў лютым 2022 году перасеклі мяжу, напаўшы на Ўкраіну.

Украіна актыўна ўмацоўвае паўночныя тэрыторыі, дапускаючы паўторнае ўварваньне суперніка зь Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сыну абяцалі, што 1 траўня будзе дома». Як у Беларусі праходзіць раптоўная праверка баявой гатоўнасьці
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь як адна вялізная казарма. У чым сэнс мілітарысцкай ліхаманкі?