У Нямеччыне расказалі, як дапамогуць Літве ўзмацніць бясьпеку ў часе саміту NATO ў Вільні

Міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс. Архіўнае фота

Саміт NATO адбудзецца ў Вільні (Літва) 11–12 ліпеня. На сустрэчу запрасілі таксама прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.

Міністэрства абароны Нямеччыны паведаміла, што перакіне свой зэнітна-ракетны падразьдзел і сыстэму супрацьпаветранай абароны Patriot з Славаччыны і Польшчы ў Вільню, каб гарантаваць бясьпеку ў часе правядзеньня саміту Паўночна-атлянтычнага альянсу 11–12 ліпеня.

Як адзначаецца ў адмысловым паведамленьні Міністэрства абароны Нямеччыны, у шчыльных кансультацыях зь Літвой, NATO і іншымі партнэрамі па арганізацыі абмяркоўваецца ўзмацненьне сродкамі бясьпекі наземнага, паветранага і марскога базаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Wall Street Journal: гарантыі бясьпекі для Ўкраіны будуць падпісаныя на саміце NATO ў ліпені

«Я рады, што мы можам зрабіць важны ўнёсак у саміт альянсу ў Вільні. Бундэсвэр унясе значны ўклад у забесьпячэньне бясьпекі саміту NATO», — адзначыў міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Столтэнбэрг: Украіна ня зможа ўступіць у NATO падчас вайны