Зяленскі: «Украіна гатовая да контранаступу. Чакаць больш нельга»

Уладзімір Зяленскі

Украіна гатовая да контранаступу, каб вызваліць тэрыторыю ад расейскіх вайскоўцаў, заявіў прэзыдэнт краіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію The Wall Street Journal.

Паводле Зяленскага, украінскае войска атрымала «ня ўсё ўзбраеньне, на якое спадзявалася, але чакаць больш нельга». Пры гэтым прэзыдэнт Украіны папярэдзіў, што «апэрацыя можа заняць працяглы час і дорага абысьціся».

«Мы цьвёрда верым, што нам гэта ўдасца. Я ня ведаю, колькі гэта зойме часу. Шчыра кажучы, гэта можа пайсьці рознымі шляхамі, зусім рознымі. Але мы зьбіраемся гэта зрабіць, і мы гатовыя», — заявіў Зяленскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сакратар РНБА: украінскі наступ яшчэ не пачаўся, але можа пачацца «заўтра, пасьлязаўтра ці праз тыдзень»
  • Улады Ўкраіны неаднаразова заяўлялі, што вайна з Расеяй можа быць скончаная толькі пасьля сыходу расейскіх войскаў з усіх акупаваных тэрыторый і аднаўленьня Ўкраіны ў міжнародна прызнаных межах, уключна з Крымам.
  • У красавіку 2023 году намесьнік кіраўніка офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Сыбіга казаў, што Кіеў гатовы правесьці перамовы з Масквой аб умовах вяртаньня паўвострава, калі падчас контранаступу Ўзброеныя сілы Ўкраіны дойдуць да межаў Крыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ацаніў магчымасьці ўкраінскага контранаступу і заклікаў да перамоваў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейцы гінуць, але атакуюць». Беларускі добраахвотнік расказаў, што цяпер адбываецца ў Бахмуце