Украіна пачала контранаступ? Што адбываецца

Украіна перайшла ў наступ на некаторых кірунках, паведамляюць у Мінабароны Ўкраіны, але пра маштабны контранаступ не заяўляюць.

У прыватнасьці, гаворыцца пра пэўныя посьпехі на бахмуцкім напрамку. Пры гэтым там паведамляюць, што на поўдні працягваюцца баі мясцовага значэньня.

У Мінабароны Расеі раней заяўлялі, што раніцай 4 чэрвеня ўкраінскае войска пайшло ў атаку на пяці ўчастках фронту, але спроба наступу была нібыта марнай. Украіна заклікала ня верыць інфармацыі Расеі пра пачатак контранаступу Ўзброеных сілаў Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: «Украіна гатовая да контранаступу. Чакаць больш нельга»

Амэрыканскі інстытут вывучэньня вайны паведаміў у справаздачы ад 5 чэрвеня, што ўкраінскія войскі прасунуліся на поўдні на глыбіню да трох кілямэтраў.

«4 чэрвеня ўкраінскія сілы нанесьлі лякальныя наземныя ўдары і дасягнулі абмежаванага посьпеху ў заходняй частцы Данецкай вобласьці і ўсходняй частцы Запароскай вобласьці», — адзначаюць аналітыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Час вяртаць сваё». Залужны апублікаваў відэа з заклікам «блаславіць рашучы наступ»

Уладальнік расейскай ПВК «Вагнэр» Яўген Прыгожын паведаміў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны нібыта ледзь не вярнулі пад свой кантроль Берхаўку на паўночным захадзе ад Бахмута. За гэтай вёскай праходзіць шаша Бахмут — Славянск і ўезд у Бахмут з поўначы. А вагнэраўцы ужо нібыта пакінулі горад і здалі свае пазыцыі кадравым расейскім вайскоўцам.

Камандуючы сухапутнымі войскамі Ўзброеных сілаў Украіны Аляксандар Сырскі паведаміў пра прасоўваньне ўкраінскай арміі на 400 мэтраў у сватаўскім кірунку.

4 чэрвеня Мінабароны Ўкраіны апублікавала відэа, у якім заклікала ўкраінцаў захоўваць рэжым цішыні — і заявіла, што абвяшчэньня аб пачатку наступу на пазыцыі расейскіх вайскоўцаў ня будзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Час вяртаць сваё». Залужны апублікаваў відэа з заклікам «блаславіць рашучы наступ»