Літоўскі памежны пераход у Медніках застаецца зачыненым праз пакістанца, якога Беларусь не пускае назад

Пакістанскі грамадзянін на літоўска-беларускай мяжы

Літоўскі і беларускі бакі ўзаемна вінавацяць адзін аднаго.

Грамадзянін Пакістану, якога не ўпускалі назад у Беларусь, знаходзіцца ля пункту пропуску, паведамляе літоўскае агенцтва BNS. 7 ліпеня замежнік, які ехаў на рэйсавым аўтобусе Менск — Вільня, прад’явіў літоўскім памежнікам правы кіроўцы і пасьведчаньне асобы, нібыта выдадзеныя ў Румыніі. Памежнікі палічылі дакумэнты фальшывымі.

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў, што дакумэнты пакістанца сапраўдныя. Літву абвінавацілі ў «шантажы» з выкарыстаньнем каналаў міжнароднай сувязі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва часова перакрыла рух праз памежны пераход Меднікі — Каменны Лог праз інцыдэнт з мігрантам і беларускімі памежнікамі. Што адбываецца

Як сьцьвярджае прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Гедрус Мішуціс, літоўскія памежнікі напаілі пакістанца і прапанавалі яму паесьці.

Паколькі Беларусь адмаўляецца прапусьціць мужчыну назад на сваю тэрыторыю, ён застаецца каля літоўскага памежнага слупа, а сам памежны пераход часова не працуе.

Паводле яго слоў, сытуацыя каля пераходу «нармальная, чэргаў машын няма, памежнікі стаяць на посьце і накіроўваюць аўтамабілі ў іншыя пункты».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія абвінаваціла беларускія ўлады ва ўзбраеньні мігрантаў, якія незаконна пераходзяць мяжу