Зяленскі раскрытыкаваў краіны NATO за нерашучую пазыцыю

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на сустрэчы ў Кіеве 20 красавіка 2023

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі раскрытыкаваў краіны NATO за нерашучую пазыцыю ў пытаньні сяброўства Ўкраіны ў альянсе. Пра гэта ён напісаў у сваім тэлеграм-канале.

Зяленскі заявіў, што па дарозе на саміт NATO ў Вільні ўлады Ўкраіны атрымалі сыгналы пра тое, што пэўныя фармулёўкі абмяркоўваюцца безь яе ўдзелу. «Я хачу падкрэсьліць: гэта фармулёўкі толькі па запрашэньні, а не па сяброўстве Ўкраіны. Беспрэцэдэнтна і абсурдна — калі няма ніякіх часовых рамак ні для запрашэньня (!), ні для сяброўства Ўкраіны. Гэта падобна на тое, што няма гатоўнасьці ні запрасіць Украіну ў NATO, ні зрабіць яе чальцом альянсу», — гаворыцца ў паведамленьні ўкраінскага прэзыдэнта.

Раней генэральны сакратар альянсу Енс Столтэнбэрг на прэс-канфэрэнцыі ў Вільні заявіў, што будучыня Ўкраіны ў NATO, але арганізацыя накіруе Кіеву запрашэньне ў свае шэрагі толькі тады, калі на гэта будзе згода ўсіх краін-удзельніц і будуць выкананыя ўсе ўмовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры рэчы, якіх чакаюць ад саміту NATO ў Вільні

Столтэнбэрг сказаў, што Ўкраіна наблізілася да сяброўства ў NATO — збольшага дзякуючы адпраўцы Кіеву вялікай колькасьці вайсковай тэхнікі і навучаньню байцоў УСУ заходнімі саюзьнікамі, якія дапамагаюць Украіне супрацьстаяць расейскаму ўварваньню.

Такое разьвіцьцё падзей, як заявіў Столтэнбэрг, дазволіла «беспрэцэдэнтна» адмовіцца ад патрабаваньня да Ўкраіны прытрымлівацца Пляну дзеяньняў па сяброўстве (ПДС). Кіраўнік NATO дадаў, што цяпер самае галоўнае — забясьпечыць перамогу Украіны ў вайне, бо, пакуль яна не атрымае верх, «аб уступленьні ў NATO наагул ня можа быць і гаворкі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці Беларусі трэба ў будучыні ўступіць у NATO? Адказвае Сьвятлана Ціханоўская
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь не расейская губэрня». Беларуская і ўкраінскі палітолягі пра ўплыў рашэньняў саміту NATO на Беларусь