Вярхоўны суд 15 жніўня разгледзіць пазоў аб ліквідацыі Аб‘яднанай грамадзянскай партыі

Зьезд Аб'яднанай грамадзянскай партыі, 2018

Працэс аб закрыцьці адной з найбуйнейшых апазыцыйных партыяў Беларусі ініцыявала Міністэрства юстыцыі.

Вярхоўны суд 15 жніўня разгледзіць пазоў аб ліквідацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), як вынікае з раскладу на партале электроннага судаводзтва. Судзьдзя Інэса Лазавікава пачне працэс, ініцыяваны Міністэрствам юстыцыі, аб 11:00.

Нягледзячы на патрабаваньні новай рэдакцыі закону «Аб палітычных партыях», АГП не падавала ў Міністэрства юстыцыі дакумэнтаў на перарэгістрацыю. Як і шэраг іншых дэмакратычных структураў, гэтая партыя перакананая, што прынятыя зьмены неканстытуцыйныя і заведама невыканальныя.

«Мы гэтае пытаньне доўга разглядалі, дыскутавалі, чаму мы не падаем дакумэнты на перарэгістрацыю. Таму што ўсё гэта незаконна, мы проста ў гэтым балагане ня ўдзельнічаем», — сказаў в. а. старшыні АГП Уладзімер Шанцаў 5 чэрвеня на прэс-канфэрэнцыі ў Вільні.


Лідэр партыі Мікалай Казлоў 3 лістапада 2022 году быў асуджаны на 2,5 года калёніі паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») — за ўдзел у маршы пратэсту 23 жніўня 2020 году.

20 ліпеня Вярхоўны суд зьліквідаваў апазыцыйную Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю БНФ, 24-га — праўладную Беларускую патрыятычную партыю.

27 ліпеня была зьліквідаваная Беларуская партыя «Зялёныя» (БПЗ), 31 ліпеня слухалася справа аб скасаваньні партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» (рашэньне невядомае, але ў сьпісе партыяў на сайце Міністэрства юстыцыі БСДГ больш няма).

Разгляд пазову аб ліквідацыі палітычна інэртнай Рэспубліканскай партыі прызначаны на 8 жніўня. На наступны дзень суд разгледзіць пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі праўладнай, але неактыўнай Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды, 14 жніўня — апазыцыйнай Партыі БНФ.

Перарэгістраваныя праўладныя Камуністычная партыя Беларусі, Лібэральна-дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці. Зарэгістраваная і максымальна ляяльная Аляксандру Лукашэнку партыя «Белая Русь», нядаўна ўтвораная на аснове аднайменнай грамадзкай арганізацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд зьліквідаваў Беларускую партыю «Зялёныя»