Палонныя найміты зь Беларусі, якія ваявалі за Расею, просяць абмяняць іх на палонных каліноўцаў ці палітвязьняў

Лягер для ваеннапалонных, ілюстрацыйнае фота

Двое беларусаў, якія ваявалі ва Ўкраіне за Расею, запісалі з украінскага палону зварот да Аляксандра Лукашэнкі.

У відэа, якое апублікавалі ўкраінскія каналы, беларусы Максім Зязюльчык і Андрэй Герыловіч просяць у Лукашэнкі і ўладаў Беларусі, каб іх абмянялі на ваеннапалонных, якія змагаліся за Ўкраіну, або на палітвязьняў.

«Каб вы зьвязаліся з прадстаўнікамі палка Кастуся Каліноўскага і абмянялі нас. Калі такога абмену не адбудзецца, як сказалі прадстаўнікі гэтай арганізацыі, можа адбыцца ўсё, што заўгодна. У дадзенай сытуацыі проста ня ўпасьці тварам у бруд, забраць сваіх людзей – ня ведаю, наколькі мы ўжо свае да вас, але я спадзяюся, што вы нас забераце, што вы нас не забудзеце. Недзе мы паступілі няправільна, у нас свая ідэалёгія, у нашага праціўніка – свая ідэалёгія», – кажа Зязюльчык.

Палонныя ў відэа просяць, каб абмен адбыўся як мага хутчэй.

  • Андрэй Герыловіч зь вёскі Гарошкі Рэчыцкага раёну быў завэрбаваны ў ПВК «Вагнэр» у ліпені 2022 году. Ён узяў сабе пазыўны «Заспа», у ліпені апынуўся на фронце, а ў лістападзе трапіў у палон. Украінскі суд прыгаварыў Герыловіча да 9 гадоў калёніі за найміцтва. Паведамлялася, што ён цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся. Аднак затым суд пастанавіў вызваліць Герыловіча ад пакараньня ў сувязі з уключэньнем яго ў сьпіс на абмен палоннымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджанага ва Ўкраіне беларуса з ПВК «Вагнэр» вызвалілі ад пакараньня — ён трапіў у сьпіс абмену ваеннапалоннымі
  • Максім Зязюльчык быў узяты ў палон украінскімі вайскоўцамі і засуджаны на 10 гадоў за найміцтва. Беларус ваяваў на баку Расеі ў ПВК «Рэдут», а таксама, на думку ЗСУ, працаваў на КДБ Беларусі. У сакавіку суд вызваліў Максіма Зязюльчыка ад адбыцьця пакараньня «ў сувязі з ухваленьнем рашэньня аб перадачы асобы для абмену як ваеннапалоннага».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ўключыла беларуса Зязюльчыка, асуджанага на 10 гадоў турмы, у сьпіс для абмену палоннымі
  • Ваяры палка імя Каліноўскага Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў ужо год знаходзяцца ў расейскім палоне. Раней з заклікамі да Кіева выкарыстоўваць свае магчымасьці для вызваленьня дваіх палонных каліноўцаў, а таксама палітвязьняў выступалі беларускія ініцыятывы і грамадзкія дзеячы.
  • 26 чэрвеня 2022 падчас баёў пад Лісічанскам загінулі чацвёра беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Украіны: Іван Марчук (пазыўны – Брэст), Васіль Парфянкоў (Сябро), Васіль Грудавік (Атам), Вадзім Шатраў (Папік). Яшчэ двое – Ян Дзюрбейка (Тромблі) і Сяргей Дзёгцеў (Клешч) – патрапілі ў палон.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі беларускіх добраахвотнікаў ваюе ва Ўкраіне і дзе. Абноўлены гайд па ўсіх фармаваньнях