У Варшаве праходзіць Тыдзень беларускага тэатру. Што і дзе паглядзець

У тэатры, ілюстрацыйнае фота

«Для польскага тэатру вельмі важна, што культура становіцца рознакаляровай». У Варшаве праходзіць Тыдзень беларускага тэатру.

Тыдзень беларускага тэатру распачаўся ў Польшчы 8 жніўня. Паразмаўлялі з праграмным дырэктарам тэатру TR Warszawa Раманам Паўлоўскім пра тое, як разьвіваецца беларускі тэатар у вымушанай эміграцыі і чым ён каштоўны для Польшчы.

Ідэя правесьці Тыдзень беларускага тэатру зьявілася ў „Мастацкай рэзыдэнцыі“ — гэта праграма Польскага тэатральнага інстытуту імя Зьбігнева Рашэўскага, апавядае тэатральны куратар, праграмны дырэктар TR Warszawa Раман Паўлоўскі.

Раман Паўлоўскі

«„Мастацкая рэзыдэнцыя“ — гэта супраца Тэатральнага інстытуту з нашым тэатрам. Праграма пачалася яшчэ ў 2021 годзе, у ёй удзельнічаюць акторы і акторкі з Беларусі. Цягам гэтага часу ў нас працавалі 10 чалавек зь Менску, Магілёва, Гомля. Яны паставілі некалькі спэктакляў зь вялікім посьпехам. І нам усім здавалася, што гэта добры час, каб паказаць беларускі тэатар у эміграцыі, розныя яго віды, поўны спэктар. Мы зьвязаліся зь незалежнымі тэатральнымі групамі зь Беларусі — Купалаўцамі і „Дыяфільм Live“».

Раман Паўлоўскі кажа, што дасьледуе беларускі тэатар амаль 30 гадоў, лічыць яго разьвіцьцё важным для разуменьня таго, што здарылася ўва Ўсходняй Эўропе пасьля пераменаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Свабодны тэатар» правёў рэпэтыцыі «Дзікага паляваньня Караля Стаха» на галоўнай опэрнай сцэне Польшчы

«Розныя мовы гучаць ня толькі на вуліцах Варшавы, але і на сцэне»

Фэстываль паказвае мастацкае багацьце беларускага тэатру ў эміграцыі, лічыць Раман.

«Гэта ня толькі спэктаклі пра палітычную сытуацыю ў Беларусі, дыктатуру, ахвяраў рэпрэсіяў, але таксама і клясыка, спэктаклі на аснове старажытнай беларускай і ўкраінскай культуры, спэктаклі для дзяцей. Зараз беларускі тэатар увасабляе поўную тэатральную культуру. Для польскага тэатру вельмі важна, што культура становіцца рознакаляровай, розныя мовы гучаць ня толькі на вуліцах Варшавы, але і на сцэне».

Раман Паўлоўскі мяркуе, што кожны спэктакль, які выяўляе беларускі пункт гледжаньня, дапамагае палякам разумець сытуацыю ў Беларусі.

«Гэта дапамагае самім творцам у чужой краіне пабудаваць прафэсійнае жыцьцё. У праграме Тыдня беларускага тэатру ёсьць такія спэктаклі, як „Плошча перамогі“ Купалаўцаў https://www.instagram.com/kupalaucy/ , „Мора Хрысьціны“ Team Theatre, якія наўпрост адсылаюць да падзеяў 2020 году. Думаю, што і для беларускай дыяспары гэта перажываньне на сцэне наноў тых падзеяў, гэта вельмі важна для самаідэнтыфікацыі».

Падчас Тыдня беларускага тэатру яшчэ можна ўбачыць:

10 жніўня — «Мора Хрысьціны» Андрэя Новіка, Team Theatre;
11 жніўня — «Мазаіка» Віталя Карабана;
12 жніўня — «Плошча перамогі» Аляксандра Гарцуева, група Купалаўцаў;
12 жніўня — спэктакль групы «Дыяфільм Live»;
13 жніўня — «Час сэканд хэнд» Уладзімера Пятровіча.

Усе спэктаклі праходзяць у TR Warszawa пад адрасам Marszałkowska, 8.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачынаецца тэатральнае лета ад Inexkult з «Купалаўцамі» і іншымі беларускімі творцамі. Што можна паглядзець
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скандалы, крымінальныя справы, палітрукі. Што было на «Беларусьфільме» раней і чаго чакаць пры новым дырэктару