Дзярждэпартамэнт ЗША кансультуецца, як дапамагчы беларусам, якія пацярпелі ад «карнага ўказу» пра пашпарты

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ў чацьвер выказаўся наконт указу Аляксандра Лукашэнкі з забаронай аднаўляць пашпарты грамадзянам Беларусі за мяжой.

Дзярждэпартамэнт ЗША асудзіў забарону Аляксандра Лукашэнкі аднаўляць пашпарты сваім грамадзянам за мяжой, паведамляе Reuters..

«Рашэньне рэжыму Лукашэнкі спыніць прадстаўленьне замежных пашпартных паслуг наносіць шкоду тысячам беларусаў, якія жывуць за мяжой, і зьяўляецца апошнім у доўгай чарадзе цынічных адмоваў рэжыму ад сваіх асноўных абавязкаў перад сваім народам», – заявіў прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту Мэцью Мілер.

«Гэты ўказ мае наступствы для ўсіх беларусаў. Ён не дазволіць сем'ям атрымаць грамадзянства і праязныя дакумэнты для сваіх дзяцей, а таксама зробіць практычна немагчымым для беларусаў за мяжой захаваць кантроль над сваімі дамамі і маёмасьцю ў Беларусі», – адзначаецца ў заяве.

«Злучаныя Штаты працягваюць цесныя кансультацыі з нашымі эўрапейскімі саюзьнікамі і беларускімі дэмакратычнымі сіламі на чале са Сьвятланай Ціханоўскай аб тым, як дапамагчы беларусам за мяжой, якія пацярпелі ад гэтага карнага ўказу», – гаворыцца ў заяве Мілера.

Сёньня ж прадстаўнік Эўразьвязу Пэтэр Стана заявіў, што прыняты ў Беларусі ўказ № 278 дэманструе, як «нелегітымны рэжым Аляксандра Лукашэнкі цалкам грэбуе фундамэнтальнымі правамі беларусаў». Аднак, паводле яго, Эўразьвяз, для таго каб прымаць далейшыя рашэньні, павінен яшчэ зразумець, якія практычныя наступствы можа прынесьці гэты дакумэнт для грамадзян Беларусі, што знаходзяцца на тэрыторыі Эўрапейскага Зьвязу.

  • Указ Аляксандра Лукашэнкі ад 4 верасьня № 278 пазбаўляе замежныя ўстановы Беларусі магчымасьці падаўжаць тэрмін дзеяньня пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакумэнты. Касуецца права консульстваў удзельнічаць у працэдуры адчужэньня маёмасьці, уключаючы нерухомасьць і аўтамабілі. Такія ўгоды можна будзе ажыцьцяўляць пры асабістай яўцы ў адпаведныя дзяржаўныя органы або на падставе даверанасьці, аформленай на тэрыторыі Беларусі (раней такія даверанасьці афармлялі консульствы).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Валер Кавалеўскі: Ім мала рэпрэсій унутры Беларусі, спрабуюць рэпрэсаваць беларусаў і за мяжой