Ганна Аляксандрава: «Я баялася, што людзі, пераехаўшы ў Варшаву, будуць запаўняць сваю душу польскай культурай, ня маючы вакол беларускае»

Ганна Аляксандрава. Фота Альфрэда Мікуса

Школа беларускай традыцыйнай культуры ў Варшаве сьвяткуе першы год ад нараджэньня. Пра цікавасьць эмігрантаў да сваёй спадчыны і ня толькі пра гэта Свабода пагаварыла з адной са стваральнікаў і чальцоў Школы, папулярызатаркай беларускае культуры ў Польшчы Ганнай Аляксандравай.

Ганна Аляксандрава нарадзілася і вырасла ў Быхаве. Яна кажа, што гэта найлепшы горад на зямлі.

«Усё ў ім добра, акрамя таго, што нідзе ніколі не пачуеш роднай мовы. Шмат часу там быў вайсковы гарнізон, у якім служылі людзі з розных краёў. Думаю, што менавіта праз гэта сталася праблема. Мясцовыя дзяўчаты размаўлялі па-расейску, каб спадабацца прыежджым, ну а хлопцы ж таксама не маглі выглядаць менш адукаванымі, каб мець шанец удзельнічаць у той жыцьцёвай канкурэнцыі. Гэта мае думкі такія».

«Ты – толькі тое, што ёсьць у цябе ў галаве, руках, і нічога болей»

Як і чаму вы апынуліся ў Польшчы? Як знайшлі тут свой варыянт прыкладаньня сілаў, здольнасьцяў і магчымасьцяў, каб жыць любімай справай?

— Прыехала ў Варшаву ў апошні дзень лістапада 2021 году праз тое, што хацелася зьмяніць лёс нашай краіны ў лепшы бок...

Па адукацыі я настаўніца музыкі, таму паціху і займалася гэтым. Але зусім па-іншаму я адчула сябе, пачаўшы займацца традыцыйнай культурай, нібы схаванай ад мяне ўсё маё жыцьцё. Разважаючы, зразумела, што яе, традыцыйнай культуры, было шмат у маім жыцьці з самага нараджэньня, толькі я не задумвалася над гэтым.

А калі зразумела важнасьць нашай культуры і мовы для нацыянальнай ідэнтычнасьці, калі гэта ўсё спалучылася ў маёй галаве, то жыцьцё набыло іншы сэнс. Адчуваньне, што я пачала больш упэўнена стаяць на нагах, адчула нейкі сапраўдны стрыжань.

Ну і вось, апынуўшыся ў Варшаве, не валодаючы мовай, ня маючы нічога, разумееш, што ты — толькі тое, што ёсьць у цябе ў галаве, руках, і нічога болей. Я вельмі ўдзячная Сержуку Доўгушаву, які адразу па прыезьдзе ўключыў мяне ў Музычную рэзыдэнцыю, дзе была магчымасьць глынуць паветра, пазнаёміцца з найлепшымі беларусамі. Удзячная і Цімафею Акудовічу, які праводзіў Каляды, дзе таксама пазнаёмілася зь яшчэ аднымі найлепшымі беларусамі. Дзякуючы менавіта гэтаму знаёмству пачала існаваць нашая Школа.

Ганна Аляксандрава

«Прабабуляў, якія пераехалі зь Беларусі ў Польшчу, вельмі шмат, але зусім ня кожная праўнучка хоча пашыць сабе сапраўдны беларускі строй»

— Чаму вы вырашылі стварыць у Варшаве ня што іншае, а менавіта Школу беларускай традыцыйнай культуры?

— Было складана і выжываць, і культуру людзям несьці. Аднак гэта быў сэнс жыцьця. Хто ж, калі ня я...

Ніколі ня трэба думаць, што хтось іншы ўсё зробіць, а самому можна проста адсядзецца.

Я баялася, што людзі, якія пераехалі сюды, будуць запаўняць сваю душу польскай культурай, ня маючы вакол беларускае. А мне вельмі важна, каб я заставалася беларускай і мае суайчыньнікі таксама. Тыя ж танцы дапамагаюць і псыхалягічна разгрузіцца, і яднацца між сабой.

Вучні Школы беларускай традыцыйнай культуры пачалі наведваць нашыя заняткі яшчэ ў лютым–сакавіку 2022 году, аднак афіцыйнае адкрыцьцё Школы паўстала ў верасьні 2022-га. Ходзяць да нас пераважна беларусы, якія цікавяцца нашай спадчынай, але ёсьць і палякі, якія стала наведваюць заняткі.

Яшчэ зь дзяўчаткамі мы стварылі сьпеўны гурток «Гаёўкі». Сьпяваем традыцыйныя беларускія песьні.

Беларусы, якія зьехалі, цяпер цікавяцца нашай культурай, настальгуюць. Аднак ці будуць цікавіцца іхныя дзеці, якія тут застануцца, – гэта пытаньне. Напэўна будуць, але іх будзе зусім іншы адсотак. Вось нядаўна зьвярнулася да мяне полька, каб я навучыла яе шыць беларускі традыцыйны строй, бо яе прабабуля з Баранавічаў была. Прабабуляў, якія пераехалі зь Беларусі ў Польшчу, вельмі шмат, але зусім ня кожная праўнучка хоча пашыць сабе сапраўдны беларускі строй.

— А як вы самі захапіліся шыцьцём і вышыўкай? Ад каго навучыліся?

— Гэта паступовы працэс далучэньня да традыцыяў. Танчыш, сьпяваеш, а потым трэба выступаць, а строю няма, толькі той, што ад бабулі застаўся. Але ж трэба і свой уласны зрабіць, паглядзець, ці я вартая сваёй бабулі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На танцы прыходзіць шмат хлопцаў, каб знайсьці сабе беларусачку». Расказваем пра школу традыцыйнай культуры

«Палякі дзякуюць не за ўдзел у імпрэзе, а за пашырэньне нашай культуры»

—​ Нядаўна ў Торуні вы атрымалі падзяку ад арганізатараў аднаго з фэстаў польскай традыцыйнай культуры з формулай «за пашырэньне культуры і звычаяў свайго народу». Як вы паставіліся да такога адзначэньня вашага ўдзелу? Чым, па-вашаму, заслужылі яго?

— У Торуні на фэстывалі падзяку атрымала ня толькі я, а кожны з удзельнікаў нашай Школы, якія там прадстаўлялі нашую культуру. Нясьціпла так казаць, але ж як ёсьць: сярод іншых культураў, якія там прэзэнтаваліся, нашая была паказана найбольш яскрава і насычана, кожны з удзельнікаў быў ёй адданы на сто адсоткаў. І мне цікава тое, што палякі дзякуюць не за ўдзел у імпрэзе, а за пашырэньне нашае культуры.

— Здаецца, гэта ўжо ня першае адзначэньне вас у Польшчы за папулярызацыю традыцыйнае беларускае культуры. Дзе, калі і за што яшчэ вас адзначалі ў месцах па-за дзяржаўнымі межамі Беларусі?

— Дзякуюць заўсёды, але ж пісьмовае пацьверджаньне падзякі мы атрымалі мінулым разам падчас Калядаў у ліцэі, дзе большасьць прысутных былі беларускія і ўкраінскія падлеткі.

— А ўдома вы ж таксама займаліся тым самым, што і ў Польшчы, то бок папулярызавалі беларускую народную культуру сярод саміх беларусаў, так? І якая была падзяка?

— Жывучы ў Беларусі, я не займалася папулярызацыяй нашае культуры, я тады толькі сама насычалася ёю. Мне здавалася, што яна ёсьць навокал, і калі чалавеку гэта трэба, то ён яе возьме сам, але ня кожны дасягнуў разуменьня, што менавіта гэта яму патрэбна. Бывае, здаецца, што можаш узяць нешта ў кожны момант, то і не сьпяшаесься. А потым, калі пражыта жыцьцё, можа выявіцца, што ўжо і запозна, ужо ці самога ня стала, ці няма культуры, мовы, ці гісторыю пазьменьвалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 500 дзетак з 24 краінаў сьвету: Беларуская школа ў Варшаве пачынае другі навучальны год

«Мы неадукаваныя палітычна, а трэба вучыцца крытыкаваць начальства, ацэньваць ягоныя ўчынкі»

— На сваёй старонцы ў фэйсбуку вы напісалі, што «большасьць беларусаў пакінула свае дамы, сваю зямлю з найпрыгажэйшымі краявідамі, бацькоў, сяброў таму, што не хацела мірыцца з дыктатурай, таму што не баялася «чорных сьпісаў». Аднак пры гэтым у нашых галовах няшмат чаго зьмянілася, супраціўляючыся дыктатуры ў сваёй краіне, мы пачынаем расьціць дыктатуру тут, за мяжой». Што вы мелі на ўвазе? Ці можаце нешта больш канкрэтнае дадаць да гэтых словаў? Але самае галоўнае пытаньне: як, па-вашаму, можна пазбавіцца гэтай радзімай плямы і пачаць жыць у вольным сьвеце паводле законаў дэмакратыі?

— На жаль, складана думаць самастойна, крытычна, калі ўсё жыцьцё нас апрацоўвала прапаганда. Людзі, якія зьехалі сюды, ужо маюць прышчэпку супраць лукашэнкаўскай прапаганды, навучыліся супраціўляцца ёй. Але ж тут таксама тая ж прапаганда, толькі трошкі іншая, і таксама добра працуе. Не існуе сьвету толькі чорнага ці белага.

Аднойчы робіш штосьці харошае, абяцаеш сьветлую будучыню, людзі пачынаюць табе верыць, заплюшчваючы вочы на твае памылкі. Такіх прыкладаў у нас было дастаткова. А яны, карыстаючыся нашай недзе пакорлівасьцю, недзе ўдзячнасьцю, неадукаванасьцю ці проста нашым жаданьнем не вылучацца, каб ня ўмерці, зьнішчалі нас. Мы неадукаваныя палітычна, а трэба вучыцца крытыкаваць начальства, ацэньваць ягоныя ўчынкі. І ёсьць адчуваньне, што амаль усіх людзей псуюць грошы і ўлада. Таму проста неабходная зьмена ўлады. Для мяне галоўнае, каб людзі жылі паводле правілаў, прыслухоўваючыся да свайго сумленьня і сэрца.

Дэмакратыя — гэта разнастайнасьць думак і павага іх, гэта ўменьне знаходзіць кампраміс і весьці дыялёг.

І яшчэ: не існуе ніякай стабільнасьці, пра якую нам любілі казаць у Беларусі, — нязалежна ад таго, у які час жывеш, у якой краіне, якую маёмасьць маеш. Вайна ці выбух вулькана нікога не запытвае.

Мая прабабця Клава казала, што калі бяда прыходзіць, яна не выбірае. У вайну падчас эвакуацыі яна схапіла толькі дзяцей і клунак з дакумэнтамі. У такія моманты, калі да таго ж выбар трэба рабіць хутка, разумееш, што менавіта важна для чалавека.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У польскім Гданьску адкрыўся 11-ы Міжнародны кангрэс дасьледнікаў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі я вышываю беларускі арнамэнт, адчуваю сябе супэрвумэн». Вялікая размова са стваральніцай праекту «Этыка»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заснавальнік электроннай бібліятэкі Kamunikat.org: «Выдаём кнігі для тысячаў беларусаў замежжа»