Хроніка перасьледу 20 кастрычніка: затрыманьні ў студыі танцаў, дзе нібыта «зьбіраліся ўдзельнікі пратэстаў»

Сілавікі. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Затрыманьне ў Івацэвічах

Сілавікі затрымалі адміністратара тэлеграм-канала «Солидарность Ивацевичи».

На іхным відэа беларус расказвае, што ў 2020 годзе зьбіраў подпісы ў падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай, выходзіў на акцыі пратэсту ў Менску, адміністраваў тэлеграм-канал «Солидарность Ивацевичи».

У траўні 2023 гэты тэлеграм-канал прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 17 кастрычніка: затрыманьні на заводзе «Нафтан»

Затрымалі дырэктара і заснавальніцу студыі танцаў

Зьвязаны зь сілавікамі тэлеграм-канал паведаміў пра затрыманьне дырэктара і заснавальніцы студыі танцаў, дзе нібыта «зьбіраліся ўдзельнікі пратэстаў».

У апублікаваным на канале відэа дырэктар школы танцаў кажа, што «на базе іх студыі ўдзельнікі пратэстаў зьбіраліся і выраблялі пратэставую сымболіку». Заснавальніца студыі на камэру гаворыць, што хадзіла на маршы пратэсту.

Паводле якога артыкулу іх абвінавачваюць, невядома. Паводле «Нашай нівы», затрымалі заснавальніцу менскай танцавальнай студыі «Квартал» Юлію Шостак і дырэктара Аляксандра Душэўскага, яны выкладчыкі сальсы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 18 кастрычніка: арышты за кветкі, штрафы за катафот на ровары і фота ў Tinder

Менскую юрыстку асудзілі за ўдзел у акцыі пратэсту


У судзе Ленінскага раёну Менску асудзілі Іну Багданаву паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса, паведамляе «Вясна». Судзьдзя Анастасія Ачалава прызначыла адзін год і шэсьць месяцаў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Багданаву абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе, выхадзе на праезную частку і перакрыцьці руху транспарту. Жанчына паведаміла суду, што прымала ўдзел у пратэставых акцыях як назіральніца, на праезную частку выходзіла выключна з мэтай фатаграфаваньня, паведаміла на судзе Іна.

Іна Багданава мае вышэйшую адукацыю, працавала юрысконсультам у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва. Да суду яе ўтрымлівалі пад вартай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 16 кастрычніка: за распаўсюд «экстрэмізму» арыштавалі рабочага з «Паліміра»