«Мужны Герой двух народаў». Як ва Ўкраіне разьвіталіся зь беларусам, што ваяваў пад пазыўным «Бахус». ФОТА

Разьвітаньне зь беларусам, які загінуў 7 кастрычніка на бахмуцкім кірунку. 21 кастрычніка 2023

Беларуса пахавалі пад двума сьцягамі — дзяржаўным украінскім і беларускім нацыянальным бел-чырвона-белым.

У горадзе Каламыя Івана-Франкоўскай вобласьці ў суботу, 21 кастрычніка разьвіталіся зь беларусам, які ваяваў у Галоўным упраўленьні выведкі Ўзброеных сіл Украіны пад пазыўным «Бахус» і загінуў 7 кастрычніка на бахмуцкім кірунку.

Цырымонія разьвітаньня праходзіла ў саборы Сьвятога Архістраціга Міхаіла

У дзень пахаваньня ў горадзе абвясьцілі жалобу. Разьвітацца зь беларусам выйшла шмат мясцовых жыхароў. Пахавальны картэж на гарадзкіх вуліцах людзі традыцыйна сустракалі на каленях. Мясцовыя жыхары прынесьлі загінуламу беларусу шмат кветак, найбольш жоўтых і блакітных.

Мясцовыя жыхары сустракалі труну зь целам загінулага беларуса на каленях

Беларуса адпявалі ў саборы Сьвятога Архістраціга Міхаіла (грэка-каталіцкім). Як бачна на здымках, апублікаваных на афіцыйнай старонцы сабору, труну накрылі двума сьцягамі — дзяржаўным украінскім і беларускім нацыянальным бел-чырвона-белым.

Беларуса пахавалі пад двума сьцягамі

«Беларускі воін сваё жыцьцё і душу аддаў за сяброў украінцаў, за свабоду нашага і свайго народу, за ўласную ахвярнасьць ён сёньня ідзе да Ўсяміласьцівага Госпада па вечную і шчодрую ўзнагароду. Няхай добрая, сьветлая памяць пра Героя навечна застанецца ў памяці сваякоў, пабрацімаў і ўсіх, хто яго ведаў, любіў і паважаў. Жыве Беларусь! Слава Ўкраіне! Вечна будзе жыць слава пра мужнага Героя двух народаў!» — гаворыцца ў паведамленьні царквы.

На крыжы зь бел-чырвона-белай стужкай пазначана дата гібелі і пазыўны

Беларуса пахавалі на Алеі Славы, створанай на гарадзкіх могілках адмыслова для пахаваньня вайскоўцаў, якія аддалі сваё жыцьцё за незалежнасьць Украіны. На месцы пахаваньня ўсталявалі крыж зь бел-чырвона-белай стужачкай, але на ім толькі дата гібелі і пазыўны, без імя і прозьвішча.

Каламыя разьвіталася зь беларусам