Пачалася закупка матэрыялаў для друку «пашпартоў новай Беларусі»

Макет «пашпарту новай Беларусі»

Сьвятлана Ціханоўская паабяцала, што неўзабаве пасьля закупкі вырабяць першыя ўзоры дакумэнту.

Пра гэта Сьвятлана Ціханоўская напісала 1 лістапада ў сваім тэлеграм-канале.

Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская адзначыла, што пасьля таго як узоры будуць гатовыя, іх перададуць урадам краін-партнэраў з прапановай прызнаць новы дакумэнт.

«Адначасова з палітычнай працай на міжнародным узроўні мы працуем над стварэньнем органу выдачы. Гэта структура, якая будзе займацца ўсімі этапамі выпуску пашпартоў — ад прыёму заявак і іх праверкі да друку пашпартоў і захоўваньня зьвестак», — удакладніла Ціханоўская.

Ціханоўская падкрэсьліла, што «пашпарт новай Беларусі» не адмяняе неабходнасьці легалізацыі ў краінах знаходжаньня: уладальнікам дакумэнту па-ранейшаму трэба будзе атрымліваць візы або дазвол на жыхарства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я скептычна гляджу на пэрспэктыву прызнаньня пашпартоў „Новай Беларусі“», — былы дыплямат Павал Сьлюнькін

«Запуск вытворчасьці і працэс прызнаньня новага беларускага пашпарту вельмі складаныя. Мы першыя ідзём па гэтым шляху ня толькі ў сваёй краіне, але і ў сьвеце. Наша каманда з нуля распрацоўвае шматлікія тэхнічныя і юрыдычныя мэханізмы. Я вельмі спадзяюся на вашыя цярпеньне і падтрымку», — падсумавала Ціханоўская.

4 верасьня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 278 «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і зьдзяйсьненьня дзеяньняў», які пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі, то бок пасольствы і консульствы, магчымасьці падаўжаць тэрмін дзеяньня пашпарту беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакумэнты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве прэзэнтавалі нацыянальны пашпарт Новай Беларусі. Яго распрацавалі паводле эўрапейскіх традыцый. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: «Можна сказаць сабе, што я страціла крэдыт даверу, і апусьціць рукі. Але такога прывілею ня маю»