Хроніка перасьледу 10 лістапада: мужа палітзьняволенай у Гомлі затрымалі адразу пасьля спатканьня з жонкай

Затырманы ў Баранавічах Аляксандар Вайцешык. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

У Баранавічах затрымалі больш за 10 чалавек, а таксама мясцовага праваабаронцу Аляксандра Вайцешыка, паведаміў «Позірку» сябра рады руху «За свабоду» Юрась Казакевіч. Раней ён жыў у гэтым раённым цэнтры Берасьцейскай вобласьці, а цяпер у эміграцыі.

Паводле інфармацыі Казакевіча, дома ў Вайцешыка прайшоў ператрус.

Інфармацыі аб прычынах затрыманьняў няма, іх падрабязнасьці невядомыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 6 лістапада: Трэнэра акадэміі менскага «Дынама» Артура Мустыгіна пакаралі 3 гадамі «хатняй хіміі»

Мужа палітзьняволенай Віталіі Бандарэнкі затрымалі адразу пасьля спатканьня з жонкай

Супраць яго распачалі крымінальную справу, паведамляюць праваабаронцы.

Як піша @dissidentby, Анатоля Старасьвецкага затрымалі адразу пасьля спатканьня зь Віталіяй. Паводле інфармацыі «Вясны», гэта адбылося ў верасьні. Яго арыштавалі на выхадзе з жаночай калёніі і зьмясьцілі ў ІЧУ. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА, яму інкрымінуюць арт. 361-4 КК («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

У сваіх лістах Анатоль вельмі перажывае за жонку. Вядома, што ў Анатоля няма блізкіх сваякоў, якія яго могуць падтрымаць.

Віталія — адзіная жанчына з асуджаных за ўдзел у берасьцейскіх «масавых беспарадках». Яе затрымалі 1 сакавіка 2021 годзу пасьля вяртаньня з-за мяжы і пазьней прысудзілі 4 гады калёніі.

За кратамі яна выйшла замуж за Анатоля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: 20-гадовая Віталія Бандарэнка выйшла замуж у калёніі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: Магілёўца арыштавалі за «сябра» ў VK з «экстрэмісцкай» аватаркай; валянтэрку Эвангельскай царквы адправілі на «суткі»