Карціну Марка Шагала «Над горадам» прадалі на аўкцыёне Sotheby’s больш як за 15 мільёнаў даляраў

Подпіс Марка Шагала на адной зь яго карцін. Ілюстрацыйнае фота

Палатно з прыватнай японскай калекцыі, якое Марк Шагал напісаў у 1924 годзе, разьлічвалі прадаць на аўкцыёне Sotheby’s на суму ў дыяпазоне ад 12 да 18 мільёнаў даляраў.

Таргі адбыліся 14 лістапада. За працу мастака зь Віцебску доўга змагаліся два патэнцыйныя пакупнікі, зь якімі іх прадстаўнікі ў залі кансультаваліся па ходзе аўкцыёну праз тэлефон, паведамляе сайт Artnews.com.

У выніку карціна Марка Шагала «Над горадам» з прыватнай японскай калекцыі, назва якой на францускай гучыць як Au-dessus de la ville, пайшла за 13,3 мільёна даляраў, а з усімі падатковымі выплатамі — за 15 616 200 даляраў.

Au-dessus de la ville — аўтарская вэрсія жывапіснай працы Шагала, створанай у 1914–1918 гадах. На Sotheby’s жа была выстаўлена вэрсія 1924 году — твор, над якім Шагал працаваў у Парыжы.

Карціна Марка Шагала «Над горадам»

«Бліскучая ода яго найвялікшаму каханьню, „Над горадам“ — адна з найлепшых карцін, напісаных Шагалам у парыскі пэрыяд, яна адлюстроўвае ключавыя матывы летуценьня, настальгіі і рамантыкі, якія будуць вызначаць творчасьць мастака да яго апошніх дзён», — так прадставілі палатно на сайце аўкцыёну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Віцебскія мастакі і архітэктары зьмянілі ход гісторыі». Брытанец стварае будынак на Тайвані, натхнёны ідэямі Малевіча
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карціну Шагала «Партрэт бацькі» вернуць сваякам апошняга пакупніка