КДБ правёў апэрацыю з правядзеньнем у Варшаве форуму пра бясьпеку

Алег Аксёнаў. архіўнае фота

Выяўляецца, што арганізатарам форуму, назваўшыся прадстаўніком краіны Эўразьвязу, быў прадстаўнік спэцслужбаў Беларусі.

Сэмінар для беларусаў Варшавы «Бясьпечная Беларусь. Формы і мэтады абароны грамадзтва», хутчэй за ўсё, аказаўся апэрацыяй КДБ. Мерапрыемства ў польскай сталіцы 18 лістапада арганізаваў былы магілёўскі каардынатар аргкамітэту па стварэньні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, былы дырэктар інфармацыйна-асьветніцкай установы «Ноктуам» Алег Аксёнаў, піша «Позірк».

Аксёнаў зладзіў сэмінар па прапанове мужчыны, які назваўся прадстаўніком Эўразьвязу ў бясьпецы зь Нідэрляндаў Фабіё Цымэрам. Тэмамі сэмінару заявілі грамадзкую, лічбавую і фінансавую бясьпеку, а таксама фізычную ахову.

На сэмінары, куды запрасілі вядомага апазыцыйнага палітыка Вячаслава Сіўчыка, перадалі слова невядомаму, пазыцыянаваўшы яго як «арганізатара і фундатара нашага сэмінару ў бясьпецы».

Невядомы выявіўся намесьнікам начальніка сьледчага ўпраўленьня КДБ Беларусі Канстанцінам Бычакам. Ён заявіў: «Перш за ўсё ад імя Камітэту дзяржаўнай бясьпекі я хацеў бы падзякаваць грамадзяніну Аксёнаву за працяглае і плённае супрацоўніцтва з намі. Што ж тычыцца іншых удзельнікаў сэмінару, зьвяртаю вашу ўвагу, што спробы замахнуцца на беларускую дзяржаўнасьць у цывілізаваных краінах называюцца экстрэмізмам і кваліфікуюцца паводле адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь».

Пасьля гэтай кароткай прамовы Бычак заклікаў усіх удзельнікаў сэмінару «прыйсьці і пакаяцца» у беларускія «кампэтэнтныя органы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы стартавала навучальная праграма «Кадравых рэзэрваў для новай Беларусі»

Супрацоўнік КДБ падключыўся прыкладна на 46‑й хвіліне мерапрыемства. Да яго пасьпелі выступіць Сіўчык і экспэрт у кампутарнай бясьпецы, якога перапынілі для выступу «арганізатара і фундатара».

Аксёнаў узяў усю віну на сябе. Арганізатар падкрэсьліў, што «Беларускі моладзевы хаб», дзе праводзілася мерапрыемства, ня мае дачыненьня.

«Я лічыў, што працаваў з прадстаўніком камісіі Эўразьвязу ў бясьпецы. Прашу прабачэньня перад усімі, каго ўцягнуў у гэтую авантуру. Такога не чакаў», — сказаў ён.

Паводле слоў тэхнічнага работніка, які абслугоўваў сэмінар, у КДБ маглі зафіксаваць толькі асобы прамоўцаў, але не гледачоў, якіх было крыху больш за дзясятак, паколькі камэра стаяла ззаду іх.

Пра спэцапэрацыю расказаў і прапагандыст Ігар Тур на дзяржаўным беларускім канале АНТ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі тэлеканал TV3: «Беларуськалій» хоча праз арбітражны суд спагнаць зь Літвы мільярд эўра