Ізраіль і ХАМАС дамовіліся аб чатырохдзённым замірэньні і вызваленьні часткі закладнікаў

Маніфэстацыя перад Міністэрствам абароны Ізраілю з патрабаваньнем вяртаньня закладнікаў у сем'і, Тэль-Авіў, лістапад 2023

Пагадненьне дазволіць вызваліць сама меней 50 ізраільскіх закладнікаў і дзясяткі палестынскіх зьняволеных.

Палестынскія баевікі вызваляць падчас чатырохдзённага замірэньня 50 жанчын і дзяцей, выкрадзеных падчас рэйдаў 7 кастрычніка, піша AFP.

Пасьля некалькіх тыдняў перамоваў пры пасярэдніцтве Катару кабінэт прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу ўхваліў пагадненьне аб замірэньні пасьля сустрэчы, якая працягвалася амаль усю ноч. Нэтаньягу адзначыў, што гэта «цяжкае рашэньне, але гэта слушнае рашэньне».

ХАМАС апублікаваў заяву, у якой вітаў «гуманітарнае замірэньне» і заявіў, што 150 палестынцаў будуць вызваленыя з ізраільскіх турмаў.

«Супраціў трымаецца замірэньня да таго часу, пакуль акупант яго выконвае», — сказаў прадстаўнік ХАМАС агенцтву AFP.

ХАМАС і іншыя палестынскія ўзброеныя групоўкі 7 кастрычніка падчас раптоўнага нападу на Ізраіль узялі ў закладнікі каля 240 ізраільцян і іншаземцаў, сярод якіх ёсьць людзі старога ўзросту і маленькія дзеці.

Ізраіль заявіў, што для палягчэньня задачы вызваленьня закладнікаў ён пачне чатырохдзённую «паўзу» ў нападах на Газу з паветра, зямлі і мора. У той жа час у Тэль-Авіве падкрэсьлілі, што пагадненьне не азначае канца вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армія абароны Ізраілю заявіла, што ХАМАС страціў кантроль над Газай

За кожныя 10 дадатковых вызваленых закладнікаў будзе дадатковы дзень «паўзы», заявіў ізраільскі ўрад.

У перамовах удзельнічалі Цэнтральнае выведвальнае ўпраўленьне ЗША, выведка Ізраілю Масад, эгіпецкая выведка і кіраўнікі Дохі, Каіру, Вашынгтону, Газы і Ізраілю.

Міністар нацыянальнай бясьпекі Ізраілю Ітамар Бэн-Гвір заявіў, што будзе галасаваць супраць пагадненьня, заявіўшы, што яно павінна прадугледжваць вызваленьне ізраільскіх вайскоўцаў, таксама захопленых ХАМАСам. Але міністар абароны Яаў Галянт заявіў, што атрымаў запэўніваньні ў тым, што пагадненьне ня будзе азначаць канец вайны.

«Ізраіль будзе працягваць вайну, каб вярнуць дадому ўсіх закладнікаў, завяршыць ліквідацыю ХАМАС і гарантаваць, што ня будзе новай пагрозы Дзяржаве Ізраіль з боку Газы», — гаворыцца ў заяве ўраду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі заявілі, што 6 беларускіх грамадзян адмовіліся пакідаць сэктар Газа і ляцець на радзіму

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Разбуральная вайна Ізраілю ў cэктары Газа ў лічбах.
  • «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

  • «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.

  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.