«Не нясуць у сабе аніякага сэнсу». Жыхары Астраўца стварылі пэтыцыю супраць назваў новых вуліц, прапанаваных уладамі

Астравец, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Раённыя ўлады ў Астраўцы вырашылі даць назвы праектаваным вуліцам і праездам у раёнах сядзібнай і шматкватэрнай забудовы ў цэнтры Астраўца. Гараджан заклікалі выказацца з гэтай нагоды, але тыя абурыліся і нават стварылі пэтыцыю супраць прапанаваных назваў, заўважыла выданьне Hrodna life.

Прапанаваныя назвы — вуліцы Народная, Жураўліная, Добрая, Сямейная, Салаўіная, Ясная, Дружбы, Мірная, 9 мая, 17 верасьня і Мінская. Меркаваньні грамадзян наконт назваў вуліц у пісьмовай форме зьбіраюць на афіцыйны адрас райвыканкаму (Астравец, вул. Кастрычніцкая, 8) і на электронную пошту arhit-ostrovec@mail.ru.

Гараджан абурылі прапанаваныя ўладамі назвы вуліц Астраўца, і яны стварылі пэтыцыю, каб зьвярнуцца да ўладаў калектыўна.

«Прапанаваныя да прысваеньня назвы настолькі абстрактныя, што не нясуць у сабе аніякага сэнсу. У гэты час неўшанаванымі застаюцца імёны выдатных беларусаў, жыхароў Астравеччыны, чыя дзейнасьць на карысьць грамадзтва мусіць быць прыкладам для ўсіх», — пішуць стваральнікі пэтыцыі.

Яны таксама пералічылі асобаў, зьвязаных з краем, якіх, на іх думку, варта ўшанаваць у гарадзкой тапаніміцы:

  • Альбін Стаповіч — паэт, публіцыст і музыка;
  • Янка Быліна — паэт, драматург і сьвятар зь вёскі Лакцяны;
  • Мар’ян Богуш-Шышка — мастак з Трокенікаў;
  • Іосіф Гашкевіч — вучоны-мовазнаўца, дасьледчык Японіі і Кітаю, які правёў апошнія гады свайго жыцьця ў Малях;
  • Леў Дабжынскі — мастак, пахаваны ў вёсцы Лоша ў 1938 годзе;
  • Казімір Сваяк — грамадзка-палітычны дзеяч, паэт, драматург, публіцыст, літаратуразнавец, каталіцкі сьвятар, які нарадзіўся ў вёсцы Барані.

«Пакуль гэтыя асобы не ўшанаваныя, не зразумела, як гаворка можа ісьці пра ўшанаваньне салаўёў і жураўлёў — які прыклад яны падаюць, які нацыянальны гонар яны абуджаюць у жыхароў горада? Ніякі», — адзначаюць аўтары пэтыцыі.

На момант публікацыі матэрыялу пэтыцыю падпісаў 41 чалавек. Подпісы зьбіраюць да 23 лістапада. Пасьля яе накіруюць у Астравецкі райвыканкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Напярэдадні 90-годзьдзя Мальдзіса ўлады прыпынілі рашэньне аб прысваеньні ягонага імя Астравецкай раённай бібліятэцы

У Астраўцы не ўпершыню спрабуюць ушанаваць славутых землякоў. У чэрвені 2022 году ў Астравецкі райвыканкам паступаў зварот чальцоў грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі фонд культуры» аб увекавечаньні памяці літаратуразнаўцы і гісторыка Адама Мальдзіса, які нарадзіўся ў Астравецкім раёне.

24 чэрвеня 2022 году выйшла рашэньне Астравецкага райвыканкаму № 461 «Аб перайменаваньні дзяржаўнай установы культуры «Астравецкая раённая бібліятэка», але ўжо ў ліпені прарасейская актывістка Вольга Бондарава дамаглася таго, што Горадзенскі аблвыканкам адмяніў рашэньне аб прысваеньні бібліятэцы імя Адама Мальдзіса.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галоўная даносчыца Беларусі». Хто такая Вольга Бондарава, якая змагаецца з Геніюш, Марзалюком і «Хагі-Вагі»