Хроніка перасьледу 24 лістапада: затрымалі трэнэра каратэ і страйкамаўца зь Менскага электратэхнічнага заводу

Сілавікі. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Праўладны тэлеграм-канал апублікаваў відэа з трэнэрам каратэ з Магілёва. Паводле зьвестак «Медиазоны», гаворка ідзе пра Расьціслава Лосева.

На камэру затрыманы кажа, што «з 2020 году пісаў гнеўныя камэнтары». Мужчына дадае, што зарэгістраваўся ў чат-боце «Перамога».

Расьціслаў Лосеў працуе трэнэрам каратэ ў Магілёве. У 2020 годзе ён заняў II месца на чэмпіянаце РГА «БФК» па кёкусін каратэ-до.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 21 лістапада: магіляўчанку затрымалі за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў па вяртаньні з Польшчы

Футбольнага трэнэра ў Менску пакаралі «хатняй хіміяй» за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе

У судзе Фрунзэнскага раёну Менску 11 лістапада за ўдзел у пратэставым шэсьці (ч. 1 арт. 342 КК) у лістападзе 2020 года асудзілі трэнэра ў футболе БДУ Руслана Пратасеню.

Крымінальную справу разглядала судзьдзя Ала Скуратовіч. Да суду Руслана ўтрымлівалі ў СІЗА № 1.

Суд пастанавіў прызначыць Пратасеню пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 3 гады.

Раней Рамана Пратасеню затрымлівалі на акцыі пратэсту 15 лістапада 2020 году і пакаралі адміністрацыйным арыштам на 14 дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: сваякоў палітоляга Карбалевіча асудзілі за «экстрэмізм»; затрыманьні ў Наваградку, Шчучыне, Горадні і Паставах

У Рэчыцы затрымалі мужчыну за сарваны дзяржаўны сцяг

Начальнік аддзелу ГУБАЗіК па Гомельскай вобласьці Алег Кашын пракамэнтаваў, што сарваны сьцяг знайшлі каля будынку юрыдычнай кансультацыі супрацоўнікі ЖКГ — ён быў прывязаны да слупа дарожнага знаку.

Затрымалі падазраванага 41-гадовага мясцовага жыхара з дапамогай АМАПу, паведамляюць праваабаронцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 22 лістапада: затрымалі выкладчыцу Інстытуту бізнэсу БДУ; мужчыну асудзілі за абразу Лукашэнкі ў TikTok

«Письма солидарности» цяпер «экстрэмісцкія» матэрыялы

Суполку ў Facebook «Письма солидарности Беларусь 2020» прызналі «экстрэмісцкай».

Такое рашэньне прыняў суд Ленінскага раёну Берасьця 20 лістапада 2023 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 23 лістапада: палітзьняволенага блогера Цыгановіча зноў будуць судзіць; на экс-палітвязьня Міронава завялі новую справу

Сілавікі затрымалі ўдзельніка страйкаму Менскага электратэхнічнага заводу

Праўладны тэлеграм-канал апублікаваў відэа з супрацоўнікам Менскага электратэхнічнага заводу імя Казлова, піша «Медиазона».

На камэру затрыманы кажа, што ўдзельнічаў у страйкаме прадпрыемства і блякаваў дарогі падчас пратэстаў.

Паводле якога артыкулу затрымалі мужчыну, аўтары каналу не ўдакладняюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 30 кастрычніка: У Ваўкавыску затрымалі настаўнікаў; супрацоўнікам «Нафтану» прысудзілі арышты

За словы «Жыве Беларусь» і «Не ідзіце на вайну» жыхара Наваполацка арыштавалі на 13 сутак

Суд Наваполацка арыштаваў мясцовага жыхара на 13 сутак па абвінавачаньні ў парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў (частка 1 артыкула 24.23 КаАП). Пастанову суда ад 16 лістапада заўважыў канал «Віцебск, я гуляю».

У дакумэнце сказана, што мужчына ў фэйсбуку выставіў фотаздымак ўкраінскага і бчб-сьцяга з подпісам «Жыве Беларусь!».

Там жа ён напісаў «Беларусы, Браты! Мы ведаем, што Вам у хуткім часе пачнуць прыходзіць позвы! Не ідзіце на вайну, Вам гэта не патрэбна! Любім Вас, молімся за Вас. Вашыя Украінцы».Публікацыя зроблена 27 лютага 2022 года.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 20 кастрычніка: затрыманьні ў студыі танцаў, дзе нібыта «зьбіраліся ўдзельнікі пратэстаў»