Менскія студэнты ўдзельнічалі ў вечарыне салідарнасьці з Палестынай з партрэтамі Арафата, Абаса і Лукашэнкі. Фота

Падчас вечарыны ў гонар Дня салідарнасьці з народам Палестыны. Справа на фота — партрэты Аляксандра Лукашэнкі, Махмуда Абаса і Ясіра Арафата. Фота: філіял Расейскага дзяржаўнага сацыяльнага ўнівэрсытэту ў Менску

У Менску адбылася вечарына ў гонар Дня салідарнасьці з народам Палестыны, на якой чыталі вершы «Ліст ізраільскаму салдату» і выказвалі падтрымку палестынцам.

У менскім Доме дружбы прайшоў круглы стол салідарнасьці з палестынскім народам, заўважыў тэлеграм-канал «МотолькоПомоги». Сярод удзельнікаў былі студэнты Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту і філіялу Расейскага дзяржаўнага сацыяльнага ўнівэрсытэту.

Вечарына ў гонар Дня салідарнасьці з народам Палестыны ў Менску. Фота: філіял Расейскага дзяржаўнага сацыяльнага ўнівэрсытэту ў Менску

У залі былі тры партрэты — Аляксандра Лукашэнкі, прэзыдэнта Палестыны Махмуда Абаса і першага старшыні Палестынскай нацыянальнай адміністрацыі Ясіра Арафата.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і ААН заклікалі Ізраіль абараняць цывільнае насельніцтва Газы

У БДЭУ расказалі, што іх студэнты прачыталі вершы «Палестына, я з табой» і «Ліст ізраільскаму салдату». Кнігу зь перакладамі палестынскіх паэтаў на беларускую мову выдалі некалькі гадоў таму.

У філіяле РГСУ паведамілі, што на імпрэзе выступалі дыпляматы, дзеячы навукі і культуры. «Выступоўцы выказалі падтрымку палестынскаму народу ў барацьбе за незалежнасьць», — расказалі ў філіяле ВНУ.

Акцыі салідарнасьці з народам Палестыны штогод праводзіць «Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі». Кіраўніком таварыства «Беларусь — Палестына» ёсьць экс-міністар культуры і рэктар Рэспубліканскага інстытуту вышэйшай школы пры БДУ Юры Бондар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камала Гарыс расказала, як Злучаныя Штаты бачаць пасьляваенную будучыню Газы

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Разбуральная вайна Ізраілю ў cэктары Газа ў лічбах.
  • «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

  • «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.

  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.