У Веткаўскім музэі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый адкрылі залю народных беларускіх абразоў. Фота

Веткаўскі музэй стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава прэзэнтаваў незвычайную экспазыцыю — адкрытыя фонды захаваньня народнай беларускай іконы.

«Заля адкрыцьцяў», менавіта так называецца новая экспазыцыя, паказвае багатую калекцыю народных абразоў, сабраных за 45-гадовую гісторыю супрацоўнікамі музэя, паведамілі ў сацсетках музэю.

На сёньня калекцыя складае больш за 200 прадметаў і ўключае яркія творы розных стыляў і нават іканапісных майстэрняў. Сярод велічных помнікаў — абразы бабіцкай школы (паходзіць з в. Бабічы Чачэрскага раёна). Яна пакінула творы розных сюжэтаў, памераў, асяродзьдзя бытаваньня, нават рознай канфэсійнай прыналежнасьці.

Таксама на выставе, побач з абразамі, можна пабачыць карціны беларускага мастака Глеба Отчыка.

Для экскурсійнага наведваньня новая заля будзе даступная напрыканцы наступнага тыдня.