Ва Ўкраіне адбылася хакерская атака на найбуйнейшага мабільнага апэратара. Перад гэтым украінцы атакавалі падатковую Расеі

Ілюстрацыйнае фота

Выцеку пэрсанальных зьвестак не адбылося.

Ва Ўкраіне раніцай 12 сьнежня зьнікла сувязь у абанэнтаў найбуйнейшага мабільнага апэратара «Київстар».

Шмат украінцаў скардзяцца яшчэ і на недаступнасьць некаторых паслуг «Монобанку» і дзяржаўнага «Ощадбанку».

Спачатку пра гэта паведаміў міністар унутраных справаў Украіны Ігар Кліменка, а пазьней пацьвердзілі і ў самой кампаніі.

«Сёньня раніцай мы сталі мішэньню магутнай хакерскай атакі. Яна выклікала тэхнічны збой, у выніку якога часова недасяжныя паслугі мабільнай сувязі і доступу ў інтэрнэт», — паведамілі ў кампаніі «Київстар».

Згодна з афіцыйным паведамленьнем кампаніі, цяпер праваахоўныя органы Ўкраіны фіксуюць абставіны і наступствы супрацьпраўнага ўмяшаньня ў дзейнасьць мабільнай сеткі.

Міністар унутраных справаў Украіны Ігар Кліменка заявіў, што на аднаўленьне пойдзе да 5 гадзін. Пазьней супрацоўнікі кампаніі паведамілі, што для аднаўленьня паслуг можа спатрэбіцца і больш часу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хакеры, зьвязаныя з расейскім урадам, стаяць за дзясяткамі фішынгавых атак у праграме Teams

«Галоўнае, што пэрсанальныя зьвесткі абанэнтаў не скампрамэтаваныя. Мы шчыра просім прабачэньня за нязручнасьці. Так, нашыя ворагі падступныя. Але мы гатовыя сустрэцца зь любымі цяжкасьцямі, пераадолець іх і працягваць працаваць для ўкраінцаў», — адзначаецца ў паведамленьні «Київстар».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нябачны фронт: як хакеры бяруць удзел у вайне Расеі з Украінай — з абодвух бакоў

Перад пачаткам расейскага ваеннага ўварваньня і пасьля яго ва Ўкраіне фіксавалі вялікую колькасьць кібэратак на інфармацыйныя рэсурсы дзяржаўных органаў кіраваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хакеры атакавалі шэраг банкаў і міністэрстваў Украіны


Украінская выведка правяла сваю кібэратаку. Цяпер на падатковую Расеі

У Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны заявілі аб другой вялікай кібэрапэрацыі супраць Расеі.

«У часе спэцапэрацыі вайсковым выведнікам удалося трапіць у адзін з добра абароненых ключавых цэнтральных сэрвэраў Фэдэральнай падатковай службы, а далей — у больш за 2300 яе рэгіянальных сэрвэраў ува ўсёй Расеі, а таксама на тэрыторыі часова акупаванага Крыму», — адзначаецца ў паведамленьні ўкраінскай выведкі.

Украінскія выведнікі сьцьвярджаюць, што цалкам зьліквідавалі сыстэму, якая гадамі забясьпечвала функцыянаваньне падатковай сыстэмы Расеі. «Зьнішчана ўся база зьвестак і яе рэзэрвовыя копіі», — паведамілі ў вайсковай выведцы Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская выведка: праз санкцыі небясьпека палётаў цывільнай авіяцыі Расеі павялічылася ўтрая

Паводле выведнай інфармацыі, у Расеі ўжо чацьвёрты дзень спрабуюць аднавіць функцыянаваньне сыстэмы.

У канцы лістападу 2023 году Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны абнародавала закрытыя службовыя дакумэнты Фэдэральнага агенцтва паветранага транспарту (Расавіяцыя) аб каляпсе ў цывільнай расейскай авіяцыі. Гэтыя дакумэнты ўкраінскія выведнікі здабылі ў выніку сваёй першай кібэрапэрацыі супраць Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку году на самалётах, якія ляталі з Расеі ў Менск, адбылося ня менш за 23 інцыдэнты, зьвязаныя зь бясьпекай палётаў