Менская культурная прастора «Вершы» аб'явіла пра закрыцьцё

13 сьнежня каманда беларускай культурнай прасторы і бару «Вершы» паведаміла пра закрыцьцё. Цягам апошніх двух тыдняў установа была закрытая «з тэхнічных прычын».

«Сябры, хочам паведаміць вам, што ўсімі любімы праект „Вершы“ прыйшоў да свайго лягічнага завяршэньня. Было ўкладзена шмат сіл, энэргіі, любові. Колькі ж усяго за гэты час адбылося: нерэальна вялікая колькасьць музычных вечароў, цудоўныя і займальныя арт-сторы, сотні гадзін прагледжаных фільмаў, цікавыя лекцыі і па-сапраўднаму крутыя майстар-клясы», — напісана ў апошнім пасьце праекту ў Instagram.

У ім каманда дзякуе ўсім, хто наведваў культурную прастору і бар.

Аб прычынах закрыцьця каманда не паведаміла, паабяцаўшы «расказаць усе падрабязнасьці пазьней» і адзначыўшы, што разьвітальная вечарына пройдзе ўжо «недзе ў іншым месцы», якім — пакуль невядома.

Праект «Вершы» адкрыўся на Кастрычніцкай, 19 вясной 2021 году на месцы галерэі сучаснага мастацтва «Ў», якая вымушана закрылася ў кастрычніку 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» спыняе працу