Урад Украіны ініцыяваў спыненьне дзеяньня дамовы зь Беларусьсю аб інвэстыцыях

Дзяніс Шмыгаль, кіраўнік ураду Ўкраіны. Архіўнае фота

Дакумэнт прадугледжваў у тым ліку выплату кампэнсацый інвэстарам у выпадку стратаў праз вайну, узброены канфлікт, пераварот і іншыя падобныя падзеі, а таксама гарантыі таго, што інвэстыцыі не нацыяналізуюць і не экспрапрыююць.

Кабінэт міністраў Украіны накіраваў у Вярхоўную Раду Ўкраіны праект закону аб спыненьні дзеяньня дамовы зь Беларусьсю аб садзейнічаньні і ўзаемнай абароне інвэстыцый.

Урады Беларусі і Ўкраіны падпісалі гэтую дамову 14 сьнежня 1995 году. Дакумэнт набыў юрыдычную моц 11 чэрвеня 1997 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь спыніла дзеяньне пагадненьня з Украінай аб супрацы ў галіне навукі і тэхналёгій. У Кіеве гэта зрабілі 4 месяцы таму

Дамова прадугледжвала ўзаемнае стварэньне спрыяльных умоў для інвэставаньня ў нацыянальныя эканомікі, а таксама абавязаньні ў іх абароне.

Сярод усяго, дакумэнт прадугледжваў выплату кампэнсацый інвэстарам у выпадку стратаў праз вайну, узброены канфлікт, пераварот і іншыя падобныя падзеі, а таксама гарантыі таго, што інвэстыцыі не нацыяналізуюць і не экспрапрыююць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Украіны падтрымаў ініцыятыву аб санкцыях супраць Расеі і Беларусі на 50 гадоў

Ва Ўкраіне пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне, арыштавалі маёмасьць і банкаўскія рахункі ўсіх супольных прадпрыемстваў, створаных пры ўдзеле беларускіх інвэстыцый — дзяржаўных і недзяржаўных. Некаторыя супольныя беларуска-ўкраінскія прадпрыемствы ўжо прайшлі або праходзяць працэдуру банкруцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Львоўскі суд прызнаў банкрутам украінскую дачку «Беларускай нафтавай кампаніі» і зьняў арышт на яе маёмасьць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як ва Ўкраіне працуюць кампаніі Машэнскага і колькі там зарабіў беларускі бізнэс да арышту актываў

Украіна ўжо выйшла або спыніла дзеяньне больш як 50 міжнародных пагадненьняў і ўгодаў зь Беларусьсю. Паводле ацэнак украінскага боку, пакуль яшчэ застаюцца дзейнымі каля 100 міжнародных дакумэнтаў, падпісаных на дзяржаўным, урадавым і галіновым узроўнях паміж Украінай і Беларусьсю, каля 300 — з Расеяй і амаль 200 — у межах СНД.

Парлямэнцкі камітэт замежных справаў заклікаў урад Украіны падрыхтаваць іх пералік для далейшага спыненьня дзеяньня і выхаду зь іх Украіны.

Аляксандар Лукашэнка падтрымаў агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіў з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.