Беларускія коньнікі ня выступяць на Алімпіядзе 2024 году ў Парыжы

Архіўнае фота

На іншых спаборніцтвах змогуць выступіць толькі тыя спартоўцы коннага спорту, якія не падтрымліваюць вайны ва Ўкраіне.

Для вяртання да спаборніцтваў Міжнароднай фэдэрацыі коннага спорту (FEI) беларускія і расейскія спартоўцы, зарэгістраваны ў FEI дапаможны пэрсанал, уладальнікі коней і афіцыйныя асобы павінны прадэманстраваць адсутнасьць актыўнай падтрымкі вайны ва Ўкраіне, паведамляе сайт фэдэрацыі.

У іх таксама ня мусіць быць кантрактаў зь сілавымі структурамі Беларусі і Расеі.

Пад актыўнай падтрымкай FEI разумее любую форму «вэрбальнага, невэрбальнага або пісьмовага выказваньня» згоды з расейскай агрэсіі супраць Украіны, у тым ліку ў сацыяльных сетках, удзел у прававых дэманстрацыях або мерапрыемствах, нашэньне любых сымбаляў, якія асацыююцца з ваеннымі дзеяньнямі РФ, напрыклад Z.

Пасьля атрыманьня нэйтральнага статусу спартоўцы і дапаможны пэрсанал будуць дапушчаныя толькі да індывідуальных, але не да камандных спаборніцтваў FEI.

Адзначаецца, што ў нэўтральных індывідуальных спартоўцаў, пэрсаналу, афіцыйных асоб няма права ўдзельнічаць у спаборніцтвах або прысутнічаць на іх у якасьці прадстаўнікоў Беларусі ці РФ, нацыянальных фэдэрацый ці алімпійскіх камітэтаў гэтых краін. Зьвязаныя зь імі сьцягі, эмблемы, іншыя ідэнтыфікатары нельга вывешваць ні ў адным з месцаў правядзеньня спаборніцтваў FEI. Тое ж датычыцца выкананьня беларускага і расейскага гімнаў.

Па інфармацыі FEI, прадстаўнікі Беларусі і РФ ня возьмуць удзел у парыскіх Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульнях у 2024 годзе. На гульні можна было кваліфікавацца па выніках спаборніцтваў FEI у канкуры, выездцы і конным трохборстве, якія праходзілі цягам усяго 2023 году, а беларускія і расейскія коньнікі ня ўдзельнічаюць у спаборніцтвах фэдэрацыі з 2 сакавіка 2022-га.

У каляндар FEI па-ранейшаму ня можа быць уключана ніводная падзея, арганізаваная ў Беларусі і Расеі.

Беларусь была фактычна адхіленая ад міжнароднага спорту неўзабаве пасьля поўнамаштабнага ўварваньня РФ ва Ўкраіну ў лютым 2022 года, падтрыманага афіцыйным Менскам.

8 сьнежня 2023 года Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) дапусьціў індывідуальных спартоўцаў зь Беларусі і Расеі да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы ў нэўтральным статусе.

У той жа час, згодна з рашэньнем, чыноўнікі і дзяржаўныя службоўцы абедзьвюх краін ня будуць запрошаныя або акрэдытаваныя, роўна як і «каманды спартоўцаў зь беларускім або расейскім пашпартам». Пад забаронай застаюцца гімн, сьцяг і якія-небудзь іншыя сымбалі Беларусі і РФ.

Пры гэтым МАК падкрэсьліў, што да ўдзелу ў гульнях ня будуць дапушчаныя «спартоўцы і дапаможны пэрсанал», якія «актыўна падтрымліваюць» вайну супраць Украіны, маюць кантракт з расейскімі або беларускімі вайскоўцамі арганізацыямі або органамі нацыянальнай бясьпекі.

Індывідуальныя спартоўцы ў нэўтральным статусе будуць запрошаныя МАК і міжнароднымі фэдэрацыямі ў адпаведных відах спорту. Адзначаецца, што «сярод 4600 спартоўцаў з усяго сьвету, якія прайшлі кваліфікацыю на Парыж-2024, ёсьць толькі 11 індывідуальных нэўтральных спартоўцаў (8 з расейскім і 3 зь беларускім пашпартам)».
11 сьнежня Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі выступіў з заявай, у якой запатрабаваў растлумачэньня ўмоў удзелу беларускіх спартоўцаў у астатніх кваліфікацыйных спаборніцтвах і Алімпійскіх гульнях у Парыжы з боку ня толькі МАК, але і міжнародных фэдэрацый як асноўных арганізатараў спаборніцтваў у сваіх відах спорту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАК ня стаў мяняць умовы допуску беларускіх спартоўцаў да міжнародных спаборніцтваў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пытаньне вызваленьня палітвязьняў немагчыма зьвязаць з допускам беларускіх спартоўцаў на Алімпіяду, — Аляксандар Апейкін