«Белсат»: У Браславе затрымалі працаўнікоў Музэю традыцыйнай культуры

Браслаў. Ілюстрацыйнае фота

«Белсату» стала вядома пра затрыманьне працаўнікоў Музэю традыцыйнай культуры ў Браславе. Гэта адбылося ўначы напярэдадні выставы «Калядныя ўзоры», якая адкрылася ў музэі 22 сьнежня.

Паводле інфармацыі «Белсату», уначы ў чацьвер у дамы работнікаў Музэю традыцыйнай культуры прыйшоў АМАП. Сярод затрыманых — загадчыца музэю Элеанора Зінкевіч, ейны муж, а таксама іншыя працаўнікі ўстановы.

У дамах усіх работнікаў быў учынены «дасканалы ператрус», падчас якога знайшлі кнігі па гісторыі Беларусі, а таксама сканфіскавалі стары дакумэнт з пячаткаю, на якой выяўленая Пагоня.

Некаторых працаўнікоў ужо адпусьцілі, некаторыя, разам з дырэктаркаю, застаюцца ў міліцыі.

Прычынаў затрыманьня не паведамляюць.

У праграме выставы «Калядныя ўзоры» значылася батлейка «Цар Ірад», майстар-клясы, выстава вінтажных навагодніх цацак. Паведамляюць, што на выставу прыйшло шмат людзей, таму яе пастанавілі не адмяняць, нягледзячы на тое, што работнікаў музэю не было на месцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома пра затрыманьне наведнікаў «Вечара нязьнятага кіно» ў Менску
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: Затрымалі былога пракурора, палкоўніка юстыцыі Эльдара Сафарава і яго жонку — адвакатку Юлію Станкевіч